Памер шрыфту
Чытаньне сьвятому:


2-е пасланьне да Карынцянаў 4.6-15

6. таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.
7. Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;
8. нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;
9. нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;
10. заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.
11. Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,
12. так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
13. Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,
14. ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
15. Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.

Евангельле паводле Мацьвея 11.2-15

2. А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх
3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
4. І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:
5. сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,
6. і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.
7. Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
8. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.
9. Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.
10. Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
11. Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.
12. Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, ітыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;
13. бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.
14. І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.
15. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.