17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх, 18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся. 19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх. 20. І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае. 21. Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся. 22. Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага. 23. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.