Памер шрыфту
Чытаньне апосталу(-ам):


Дзеі Апосталаў 11.19-26, 29-30

19. Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў.
20. А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса.
21. І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада.
22. Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію.
23. Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада;
24. бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада.
25. Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію.
26. Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі.
[...]
29. тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі,
30. што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла.

Евангельле паводле Лукаша 10.16-21

16. Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, хто паслаў Мяне.
17. Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё.
18. А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка;
19. вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
20. аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах.
21. У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля.