Памер шрыфту
Чытаньне апосталу(-ам):


Пасланьне Юды 1.1-10

1. Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
2. міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
3. Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне - паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
4. Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
5. Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
6. і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
7. Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, -
8. гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
9. Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д'яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
10. А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.

Евангельле паводле Яна 14.21-24

21. Хто мáе запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
22. Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?
23. Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.
24. Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.