Памер шрыфту
Чытаньне сьвятому:


Пасланьне да Габрэяў 11.33-12.2

33. якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
34. тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
35. жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
36. іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
37. Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
38. тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
39. І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
40. таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.
1. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
2. гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.

Евангельле паводле Мацьвея 4.25-5.12

25. І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.
1. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
2. І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
3. Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
4. Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
5. Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
6. Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
7. Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
8. Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9. Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
10. Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
11. Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.
12. Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.