Памер шрыфту
Чытаньне апосталу(-ам):


1-е пасланьне да Карынцянаў 4.9-16

9. Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
10. Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
11. Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б'юць нас, і бадзяемся,
12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
13. клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
14. Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
15. Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
16. Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.

Евангельле паводле Марка 3.13-19

13. Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго.
14. І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць,
15. і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў:
16. паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр;
17. Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, «сыны громавыя»;
18. Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта
19. і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго.