Памер шрыфту
Чытаньне Багародзіцы:


Пасланьне да Габрэяў 9.1-7

1. І першы запавет меў уставу пра набажэнства і сьвяцілішча зямное,
2. бо пастаўлена была скінія першая, у якой былі сьвяцільня, і стол, і хлябы пакладныя, і якая называецца «сьвятое».
3. А за другою заслонаю была скінія, называная «сьвятое сьвятых»,
4. у якой мелася залатая кадзільніца і абкладзены з усіх бакоў золатам каўчэг запавета, дзе былі залаты посуд з маннаю, жазло Ааронава расьцьвілае і скрыжалі запавета,
5. а над ім хэрувімы славы, якія асланялі ачышчальню; пра што ня трэба цяпер гаварыць падрабязна.
6. Пры такім уладкаваньні, у першую скінію заўсёды ўваходзяць сьвятары служыць Набажэнства;
7. а ў другую - адзін раз на год адзін толькі першасьвятар, не бяз крыві, якую ахвяруе за сябе і за грахі неабазнанасьці народу.

Евангельле паводле Лукаша 10.38-42, 11.27-28

38. У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
39. у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае.
40. А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне.
41. А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта,
42. а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.
[...]
27. Калі ж Ён казаў гэта, адна жанчына, узвысіўшы голас зь людзей, сказала Яму: дабрашчаснае ўлоньне, якое насіла Цябе, і саскі, якія Цябе кармілі!
28. А Ён сказаў: дабрашчасныя тыя, што слухаюць слова Божае і трымаюцца яго.