Памер шрыфту
Чытаньне сьвятому:


Пасланьне да Галятаў 1.11-19

11. Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;
12. бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
13. Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,
14. і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.
15. Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,
16. зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,
17. і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.
18. Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.
19. А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.

Евангельле паводле Лукаша 10.1-9

1. Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці,
2. і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
3. Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
4. Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце.
5. У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!»
6. і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца;
7. а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом.
8. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць;
9. і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае».