Памер шрыфту
Чытаньне прароку:


Пасланьне Якуба 5.10-20

10. Вазьмеце, браты мае, за прыклад ліхія пакуты і доўгацярпеньні продкаў, што прамаўлялі імем Гасподнім.
11. Вось, мы дагаджаем тым, што цярпелі. Вы чулі пра цярпеньні Ёва і бачылі канец ягоны ад Госпада, бо Гасподзь вельмі міласэрны і спагадлівы.
12. А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе.
13. Ці ліха пакутуе каторы з вас? хай моліцца. Ці вясёлы хто? хай сьпявае псальмы.
14. Ці занядужаў хто з вас? хай пакліча прасьвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе,
15. і малітва веры ацаленьне дасьць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму.
16. Прызнавайцеся адзін аднаму ў правінах і малецеся адзін за аднаго, каб ачуняць: на многае здольная шчырая малітва праведніка.
17. Ільля быў чалавек падобны на вас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў;
18. і зноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла плод свой.
19. Браты! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго,
20. хай той ведае, што, хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.

Евангельле паводле Лукаша 4.22-30

22. І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: ці не Язэпаў гэта сын?
23. Ён сказаў ім: вядома, вы скажаце Мне прыказку: лекару! ацалі самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капернауме.
24. І сказаў: праўду кажу вам: ніякі прарок ня прымаецца ў сваёй бацькаўшчыне;
25. па праўдзе кажу вам: шмат удоваў было ў Ізраілі ў дні Ільлі, калі замкнута было неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсёй зямлі;
26. і да ніводнай зь іх ня быў пасланы Ільля, а толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую;
27. шмат таксама было пракажоных у Ізраілі за прарока Ялісея, і ніводзін зь іх не ачысьціўся, апрача Нэемана Сірыяніна.
28. Пачуўшы гэта, усе ў сынагозе напоўніліся гневам;
29. і ўстаўшы, выгналі Яго прэч з горада і павялі на вяршыню гары, на якой горад іхні быў пабудаваны, каб скінуць Яго;
30. але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.