Памер шрыфту
Чытаньне прароку:


Пасланьне да Габрэяў 6.13-20

13. Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
14. кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
15. І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
16. Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
17. Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
18. каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
19. якая для душы ёсьць - быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
20. куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.

Евангельле паводле Мацьвея 23.29-39

29. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам.
30. і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў»;
31. тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
32. дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
33. Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену?
34. Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад;
35. каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
36. Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты.
37. Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
38. Вось, застаецца вам дом ваш пусты.
39. Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: «дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!».