Памер шрыфту
Чытаньне:


Пасланьне да Галятаў 6.11-18

11. Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.
12. Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца толькі дзеля таго, каб унікнуць ганеньняў за крыж Хрыстовы,
13. бо і самі абрэзаныя ня трымаюцца закона, але хочуць, каб вы абразаліся, каб пахваліцца ў вашай плоці;
14. а я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету.
15. Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а новае стварэньне.
16. Тым, якія чыняць у згодзе з гэтым правілам, мір ім і міласьць, і Ізраілю Божаму.
17. У астатнім, хай ніхто не стурбуе мяне, бо я нашу раны Ісусавыя на целе маім.
18. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.

Евангельле паводле Яна 3.13-17

13. Ніхто не ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах;
14. і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы,
15. каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
16. Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.
17. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго.