Памер шрыфту
Чытаньне сьвятамучаніку:


Пасланьне да Габрэяў 4.14-5.10

14. І вось, маючы Першасьвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Ісуса Сына Божага, будзем цьвёрда трымацца веравызнаньня нашага.
15. Бо мы маем не такога Першасьвятара, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, а Такога, Які, як і мы, дасьведчаны ва ўсім, акрамя грэху.
16. Таму прыступайма з адвагаю да трона мілаты, каб атрымаць міласьць і здабыць мілату на своечасовую дапамогу.
1. Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
2. каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,
3. і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
4. І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
5. Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»;
6. як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка».
7. Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;
8. хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;
9. і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,
10. і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.

Евангельле паводле Яна 10.9-16

9. Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.
10. Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
11. Я - Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;
12. а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;
13. а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.
14. Я - Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:
15. як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.
16. Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.