Памер шрыфту
Чытаньне вялебнаму(-ай):


2-е пасланьне да Карынцянаў 4.6-15

6. таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.
7. Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;
8. нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;
9. нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;
10. заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.
11. Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,
12. так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
13. Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,
14. ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
15. Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.

Евангельле паводле Лукаша 6.17-23

17. І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
18. якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
19. І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.
20. І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.
21. Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.
22. Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.
23. Радуйцеся ў той дзень і весялцеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.