Памер шрыфту
Чытаньне апосталу(-ам):


1-е пасланьне да Карынцянаў 4.9-16

9. Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
10. Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
11. Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б'юць нас, і бадзяемся,
12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
13. клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
14. Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
15. Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
16. Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.

Евангельле паводле Лукаша 10.16-21

16. Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, хто паслаў Мяне.
17. Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё.
18. А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка;
19. вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
20. аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах.
21. У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля.