Памер шрыфту
Чытаньне апосталу(-ам):


1-е пасланьне да Карынцянаў 4.9-16

9. Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
10. Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
11. Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся,
12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
13. клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
14. Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
15. Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
16. Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.

Евангельле паводле Мацьвея 9.9-13

9. Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.
10. І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.
11. І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
12. А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
13. ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.