9. Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей. 10. Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе. 11. Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б’юць нас, і бадзяемся, 12. і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем; 13. клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль. 14. Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх. 15. Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем. 16. Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.
Евангельле паводле Мацьвея 9.9-13
9. Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім. 10. І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі. 11. І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі? 12. А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; 13. ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.