Памер шрыфту
Чытаньне Сабору:


Пасланьне да Габрэяў 2.11-18

11. Бо, і Той, Хто асьвячае, і каго асьвячаюць, усе - ад Адзінага; таму ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:
12. «абвяшчу Тваё імя братам Маім, сярод царквы апяю Цябе».
13. І яшчэ: «Я буду спадзявацца на Яго». І яшчэ: «вось, Я і дзеці, якіх даў Мне Бог».
14. А як дзеці былі ўдзельнікамі цела і крыві, дык Ён таксама прыняў іх, каб сьмерцю пазбавіць сілы таго, хто меў уладу сьмерці, гэта значыцца - д’ябла,
15. і выратаваць тых, якія ад страху сьмерці праз усё жыцьцё былі ў рабстве.
16. Бо не ад анёлаў прыме Ён, а прыме семя Абрагамавае.
17. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб быць міласэрным і верным Першасьвятаром прад Богам на ўмілажальваньне за грахі народу.
18. Бо, як сам Ён перацярпеў, быў спакушаны, дык можа памагчы і тым, каго спакушаюць.

Евангельле паводле Мацьвея 2.13-23

13. Калі ж яны адышлі, - вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,
15. і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».
16. Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.
17. Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:
18. «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».
19. А як Ірад памёр, - вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце
20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22. Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.