1. Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам. 2. І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць. 3. Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста. 4. Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку. 5. Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла. 6. Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў. 7. Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім. 8. Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго. 9. за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў. 10. Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.
Евангельле паводле Яна 15.17-16.2
17. Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго. 18. Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў. 19. Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я Вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет. 20. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша; 21. але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне. 22. Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім. 23. Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго; 24. калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго. 25. Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна». 26. Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне; 27. А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною. 1. Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся: 2. прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу.