Памер шрыфту
Чытаньне:


1-е пасланьне да Фесаланікійцаў 4.13-17

13. Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.
14. Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе зь Ім.
15. Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Гасподняга, не папярэдзім памерлых;
16. бо Сам Гасподзь пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе зь неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней;
17. потым мы, хто застанецца жывы, разам зь імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем.

Евангельле паводле Яна 5.24-30

24. Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
25. Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.
26. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе;
27. і даў яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
28. Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
29. і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі - на ўваскрэсеньне асуды.
30. Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне.