Друк

01.06.2009

Пакліканыя для дыяканскага служэньня ў БГКЦ

У траўні 2009 году духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы папоўнілася двума новымі дыяканамі. Для Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі іх высьвяцілі біскупы з Украіны.

Алесь Аўдзяюк, які родам з прыбужскага мястэчка Дамачава Берасьцейскага раёну, быў высьвячаны на дыякана 13 траўня 2009 году, у дзень ўспаміну цудоўнага зьяўленьня Маці Божай у Фаціме. Сьвячаньні яго адбываліся падчас Сустрэчы ярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы, якая адбывалася ў Вужгарадзе і Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі ў Закарпацьці. Падчас урачыстай архірэйскай багаслужбы дыяканскія сьвячаньні яму ўдзяліў Уладыка Мілан Шашык, біскуп Мукачаўскі, з якім ва Ўсьпенскай конкатэдры г. Мукачава разам саслужылі больш за 40 біскупаў, у тым ліку зьверхнік УГКЦ кардынал Любамір Гузар, шматікія ўкраінскія, славацкія, італа-албанскія, мараніцкія, і інш. усходнія каталіцкія ярархі з 14 краінаў Еўропы, а таксама Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандрыт Сяргей (Гаек).

А 16 траўня 2009 году, у дзень ўспаміну (па юльянскім календары) перастаўленьня вялебнага Тэадозія Пячорскага, пачынальніка супольнага манаскага жыцьця на ўсходнеславянскіх землях, Львоўські архібіскуп дастойны Ўладыка Ігар Возьняк у царкве сьв. Язафата паставіў у дыяканы двох рэдэмптарыстаў — украінца бр. Багдана Гелету і беларуса бр. Антона Нікалаева. Удзел у архірэйскай сьв. Літургіі ўзялі таксама Апостальські Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, вікары Львоўскай Правінцыі Чыну Найсьвяцейшага Адкупіцеля а. Пятро Баран і іншыя айцы і браты рэдэмптарысты, а таксама а. Ігар Кандрацьеў, парах парафії сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці, з якой паходзіць новавысьвячаны ерадыякан Антон Нікалаєў.

 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"