Друк

14.04.2009

Праўда і свабода

Велікоднае пасланьне Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы айца Аляксандра Надсана

Сьвяты апостал Мацьвей расказвае, як пасьля ўваскрасеньня Хрыстовага тыя, што былі найбольш вінаватыя ў Ягонай крыжовай сьмерці, хацелі схаваць перад людзьмі Ягонае ўваскрасеньне і, «параіўшыся, далі жаўнерам (што сьцераглі магілу Хрыста) шмат грошай і сказалі: “Кажыце так: Ягоныя вучні прыйшлі ўночы і ўкралі Яго, калі мы спалі”» (Мц 28:12‑13).

Можна сказаць, што гэта быў прыклад спробы абмежаваньня свабоды сродкаў масавай інфармацыі, пра што так часта даводзіцца чуць у нашыя дні. І гэта зусім зразумела, бо кожны аўтарытарны рэжым, які жадае мець поўны кантроль над сваімі падуладнымі, баіцца праўды і таму ўводзіць цэнзуру на весткі, якія падаюцца да агульнага ведама. Хрыстос сказаў: «Праўда вас зробіць свабоднымі» (Ян 8:32).

Насамрэч свабода — гэта перадусім магчымасьць вольнага і сьвядомага выбару, зробленага з веданьнем мэты, сродкаў і наступстваў.

Для лепшага разуменьня Хрыстос прыводзіць такі прыклад: «Хто з вас, жадаючы збудаваць вежу, ня сядзе перш і не палічыць выдаткаў, ці мае дастаткова для завяршэньня працы?» (Лк 14:28). Іншымі словамі, сапраўдная свабода і праўда неразьдзельныя: інакш гэта будзе свабода чалавека, якому завязалі вочы і сказалі, што ён вольны ісьці, куды хоча.

Сёньняшні дзень для нас асабліва дарагі і радасны. Сёньня мы ўспамінаем, як Той, Хто сказаў пра Сябе «Я — дарога, і праўда, і жыцьцё» (Ян 14:6), Сваім устаньнем з мёртвых пасьля пакутаў пратарнаваў нам дарогу да пазнаньня адзінай і апошняй Праўды — Бога, Які зьяўляецца крыніцаю і Мэтаю жыцьця.

Як сьпяваецца ў Велікоднай песьні: «Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў».

Дык будзем радавацца разам з уваскрослым Хрыстом!

а. Аляксандар Надсан

Вялікдзень 2009 г.

Паводле: "Наша Ніва"
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"