Друк
15.01.2014
Заява Зьверхніка УГКЦ з нагоды ліста-папярэджаньня ад уладаў
 
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) зрабіў заяву з нагоды ліста Міністэрства культуры Ўкраіны адносна падставаў для спыненьня дзейнасьці рэлігійных арганізацыяў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Нагадаем, канцылярыя Курыі Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ напярэдадні сьвята Раства Хрыстова атрымала ліст-папярэджаньне з Міністэрства культуры ў сувязі з прысутнасьцю сьвятароў УГКЦ на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Ніжэй прапануем тэкст заявы.
 
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук).
Упершыню за час незалежнасьці Ўкраіны прагучала пагроза аб «спыненьні дзейнасьці адпаведных рэлігійных арганізацыяў» УГКЦ.
 
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце Міністэрства культуры Ўкраіны ад 03.01.2014 года (№ 1/3/13-14) за подпісам Цімафея Кохана, першага намесьніка міністра.
 
Прычынай такой рэакцыі органа дзяржаўнай улады названа рэлігійная дзейнасьць, якую нібыта «ў парушэньне патрабаваньняў заканадаўства Ўкраіны аб свабодзе сумленьня і рэлігійныя арганізацыі ажыцьцяўляюць прадстаўнікі, у прыватнасьці Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве на працягу сьнежня мінулага году і ў пачатку новага — 2014 году».
 
Нагадаю, што менавіта ў гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў з часу легалізацыі УГКЦ ў былым Савецкім Саюзе. Мінулі тыя часы, калі руйнаваліся храмы, а сьвятароў, якія несьлі духоўныя паслугі сваім вернікам, арыштоўвалі ці нават забівалі. Таму вялікую занепакоенасьць у нас выклікала сьцьверджаньне, якое гучыць цяпер, у незалежнай Украіне, што служэньне Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы лічыцца такім, што «можа служыць падставай для ўзбуджэньня перад судом пытаньня аб прыпыненьні [яе] дзейнасьці».
 
Паколькі гэты ліст носіць афіцыйны характар ​​— як такі, што стасуецца самога факту існаваньня і служэньня УГКЦ — і паколькі выкладзенае тлумачэньне Закону Ўкраіны «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» закранае ўсё рэлігійнае асяроддзе Ўкраіны, адчуваю сваім абавязкам заявіць наступнае.
 
Царква не зьяўляецца ўдзельнікам палітычных працэсаў, але яна ня можа стаяць у баку, калі яе вернікі просяць пра духоўную апеку. Нашыя вернікі разам з іншымі грамадзянамі Ўкраіны агучылі ў мірны спосаб сваё бачаньне еўрапейскага выбару Ўкраіны на аснове хрысьціянскіх і агульначалавечых каштоўнасьцяў. Гэтыя прынцыпы абапіраюцца на Божы закон і абараняць іх даручыў нам Сам Хрыстос-Збаўца, кажучы моцай Сьвятога Духа працягваць Яго місію і «несьці Добрую Навіну ўбогім, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым — празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду, абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня (пар. Лк 4, 18). Прысутнасьць духоўнага айца там, дзе знаходзяцца яго вернікі, зьяўляецца складовай часткай пастырскай апекі. Быць з сваімі вернікамі — гэта абавязак сьвятара, які вынікае з самой місіі Царквы. Гэтай місіі, даручанай Хрыстом, нашая Царква заўсёды была вернай і такой застанецца ў будучыні, незважаючы на любыя пагрозы. Зыходзячы з прынцыпу свабоды веравызнаньня — асноватворнага права чалавека, душпастыр можа бесьперашкодна маліцца там, дзе знаходзяцца яго вернікі. Для рэалізацыі гэтага права не патрэбны асобны дазвол дзяржавы Царква вызнае права вернікаў на малітву і заспакаеньне сваіх духоўна-рэлігійных патрэбаў ва ўсе часы і ў любых абставінах.
Малітва ў намёце на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве.
Тады, калі бракуе дыялогу паміж уладай і народам, грамадзяне-вернікі адчуваюць асаблівую патрэбу ўзмацніць малітвы за мір і спакой у нашай дзяржаве, спыненьне гвалту і зьневажаньне годнасьці й канстытуцыйных правоў грамадзянаў Украіны.
 
Афіцыйная пазіцыя нашай Царквы адносна актуальнай грамадзка-палітычнай сітуацыі выкладзена ў шэрагу зваротаў, як ад імя самой УГКЦ, так і сумесных з членамі УРЦіРА (Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў — Рэд.). Царква і надалей захоўвае за сабой права даваць ацэнку сітуацыі ў краіне, калі парушаюцца правы чалавека і прынцыпы грамадзкай маралі, якія вынікаюць з Божага закону і адлюстраваны ў сацыяльнай навуцы Царквы.
 
Спадзяюся, што органам дзяржаўнай улады, у прыватнасьці тым, задачай якіх ёсьць служыць народу ў забесьпячэньні яго права на рэлігійную свабоду ва Ўкраіне, хопіць мудрасьці, каб не пачаць перасьледаваць Царкву і не пераносіць сучасны грамадзка-палітычны крызіс яшчэ і на рэлігійнае асяроддзе.
 
Веру ў тое, што намаганьні, прыкладзеныя ўсімі Цэрквамі і рэлігійнымі арганізацыямі Ўкраіны па недапушчэньні гвалту і нянавісьці, і пропаведзь міру і ўзаемаразуменьня паміж рознымі асяроддзямі нашага грамадзтва ня будуць прычынаю недаверу або напружаньня ў адносінах паміж дзяржаўнай уладаю ды Царквою і рэлігійнымі арганізацыямі.
 
+ Сьвятаслаў,
Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі,
Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"