Друк
02.03.2014
Адышоў у вечнасьць Рыгор Барадулін
 
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін адышоў у лепшы сьвет увечары, 2 сакавіка 2014 году — паведамляе Радыё Свабода.
 
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.
Рыгор Барадулін памёр на 79-ым годзе жыцьця. Шмат гадоў гэты выдатны паэт, цудоўны і сьціплы чалавек ды вернік, які належыў да грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Менску, шчыра служыў сваім мудрым і ўзьнёслым словам сваім суайчыньнікам і братам па веры.
 
Прымі яго, Божа! Вечная памяць!

Разьвітаньне з нашым народным паэтам Дзядзькам Рыгорам адбудзецца ў аўторак, 4 сакавіка. Пахаваюць яго, згодна яго волі, побач з маці, у Вушачы.
 
Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году, на хутары Верасоўка, Вушацкі раён, Віцебская вобласьць.
 
Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданьнях (сярод іх — газета «Советская Белоруссия», часопісы «Бярозка», «Полымя»), а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сэсіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).
 
Пачаў друкавацца з 1953 году, першыя вершы былі зьмешчаныя ў газеце «Чырвоная змена». Першы зборнік паэзіі — «Маладзік над стэпам» — выйшаў у 1959 годзе.
 
Да 25-годдзя пантыфікату Папы Яна Паўла II Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову яго кнігу паэзіі «Рымскі трыпціх» і меў магчымасьць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.
 
Пераклаў на беларускую мову п’есу «Вей, вятрок!» Яна Райніса (1980), зборнікі твораў «Блакітны звон Грэнады» Гарсія-Лоркі (1975), «Мелодыя каліны» Івана Драча (1981), «Ветраліст» Габрыелі Містраль (1984), «Рубаі» Амара Хаяма (1989); «Слова пра паход Ігараў» (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэксьпіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава.
 
Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады з Фэдэрыка Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латышскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званьне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.) і медалём Францыска Скарыны. Барадулін зьяўляецца Ганаровым доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Вушацкага раёну.
 
У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).

Сваё апошняе інтэрв’ю Дзядзька Рыгор даў журналісту “Новага часу” Сяргею Шапрану 23 лютага, напярэдадні свайго 79-га Дня народзінаў. Пазнаёміцца з ім можна тут.
 
 
 
Рыгор БАРАДУЛІН

I трывогай, і расстаньнем...
Сакавіты сакавіцкі сьнег
Пахне і адлігай, і вясною.
Ці ня гэткі
Сьветла сьніўся Ною,
Як да Арарата плыў каўчэг.
Самавіты сакавіцкі сьнег
Пахне і трывогай, і расстаньнем,
Як і той,
Што можа стаць астатнім,
Мой,
Завяршыўшы кругабег.
Акавіты сакавіцкі сьнег
Пахне проламкамі і вірамі,
Ператомленымі сівярамі,
Што шукаюць для зімы начлег.
 
Там...
Там,
Дзе нябыту ўсё знаёма,
За першароднаю ракой
Прытулак знойдзе неспакой
Як дома, будзе наша стома
Там,
Дзе, напэўна, небасхілу
Няпроста выпрастаць сьпіну,
Прымроіць даўніна вясну,
Што крыльлям пазычала сілу.
Там,
Дзе сустрэнемся аднойчы
I непрыязьнікі й сябры,
I ўвойдзем на глухім двары
Ў раку адну і тую ж двойчы.
Сябе самога кожны сам
Успомніць і спазнае
Там...
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"