Друк
20.05.2014
Монтэ Касіна. Памяць пра мужных жаўнераў з Беларусі
 
70 гадоў таму, 11-19 траўня 1944 году, адбылася бітва пад Монтэ Касіна ў Італіі, у якой на баку антыгітлераўскай кааліцыі бралі ўдзел тысячы ўраджэнцаў Беларусі. 18 тарўня ІІ Польскі корпус пад камандаваньнем генерала Ўладзіслава Андэрса здабыў узвышша Монтэ Касіна. Мала хто ведае, што сярод жаўнераў гэтага польскага корпусу амаль траціну складалі ўраджэнцы з Беларусі — католікі абодвух абрадаў, а таксама праваслаўныя.
 
Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек на мемарыяльных могілках у Монтэ Касіна (03.05.2014).
Як інфармуе сайт Svjazep.org, 3 траўня 2014 году Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек) падчас пілігрымкі ў кляштар Монтэ Касіна разам з міжнароднай групай сяброў Беларусі маліўся на вайсковых могілках, дзе пахаваныя нашыя землякі, што загінулі ў баях пад Монтэ Касіна. Прозьвішчы пахаваных там 183 жаўнераў з Беларусі можна прачытаць сёньня на плітах гэтага мемарыялу.
 
На магіле грэка-католіка Васіля Еўтуха (21.08.1921 — 12.05.1944), беларускага сапёра, які паходзіў з Столінскага павету, архім. Сяргей (Гаек) адслужыў пасхальную Паніхіду за ўсіх загінулых у бітве пад Монтэ Касіна, а таксама за тых, хто ўдзельнічаў у гэтай бітве і ўжо адышоў з гэтага сьвету, сярод якіх беларускі грэка-каталіцкі сьвятар айцец Кастусь Маскалік (+12.04.2010 г., Лондан).
 
Прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Італіі ўшаноўваюць памяць беларусаў, якія загінулі пад Монтэ Касіна, 08.05.2014.
Як паведамляе Пасольства Беларусі ў Італіі, 8 траўня 2014 году мемарыяльныя вайсковыя могілкі Монтэ Касіна наведаў пасол Беларусі ў гэтай краіне сп. Яўген Шастакоў разам з супрацоўнікамі беларускага пасольства і прадстаўнікамі мясцовай улады горада Касіна, дзе яны ўсклалі вянок у памяць пра загунулых суайчыньнікаў.
 
Традыцыю ўшанаваньня нашых землякоў, што загінулі пад Монтэ Касіна, распачалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Еўропе. Вядома, што ў траўні 1954 году могілкі Монтэ Касіна наведаў прэзідэнт БНР Мікола Абрамчык, які ад імя беларускага народу ўсклаў вянок у памяць пра палеглых землякоў, а беларускі каталіцкі сьвятар а. Пётра Татарыновіча адслужыў сьв. Імшу за спачылых. У 1979 годзе, у 35-ыя ўгодкі бітвы, калі Монтэ Касіна наведаў папа Ян Павел II разам прэм’ер-міністрам Італіі, беларускі грэка-каталіцкі сьвятар а. Кастусь Маскалік супольна з групай ветэранаў адправіў сьв. Літургію па жаўнерах-беларусах. У апошнія дзесяцігоддзі усё больш беларусаў з самой Беларусі ў складзе розных дэлегацыяў і групаў ушаноўваюць у Монтэ Касіна памяць палеглых у баях з нацыстамі землякоў. У апошні час традыцыйна ўскладаюць вянок памяці і прадстаўнікі беларускага пасольства ў Італіі.
 
На гары Монтэ Касіна ўзвышаецца бенядыктынскі кляштар — найстаражытнейшы і адзін з найбуйнейшых у Еўропе. Знаходзіцца ён на паўдарозе ад Рыму да Неапалю. У часы II Сусьветнай вайны гэтае сьвятое месца нямецкія войскі ператварылі ў стратэгічны пункт, які абараняў подступы да Рыму. Абаранялі яго жаўнеры нямецкай элітнай 1-й парашутнай дывізіі.
 
Кляштар і мемарыял Монтэ Касіна.
Перад 52-тысячным 2-м польскім корпусам ген. Андэрса, які быў ўключаны ў склад 8-й брытанскай арміі, гэтае ўзвышша некалькі разоў штурмавалі амерыканцы, англічане, новазеландцы, французы і індусы (1-я аперацыя пачалася 17 студзеня 1944 году, апошняя, 4-я адбывалася 11-19 траўня). І толькі падчас чацьвёртай аперацыі, якая адбывалася пры ўдзеле жаўнераў з 2-га польскага корпусу генерала Андэрса, саюзныя войскі здолелі пераламіць сітуацыю, прарваць нямецкія ўмацаваньні і захапіць Рым. Агулам людзкія страты саюзьнікаў падчас гэтай, адной з найбуйнейшых бітваў ІІ Сусьветнай вайны, якая ў гісторыі сёньня вядомая таксама як бітва за Рым, склалі больш за 54 тысячаў чалавек (больш за 20 тысячаў забітых).
 
Падчас апошняга 4-га штурму Монтэ Касіна 11-19 траўня 1944 году толькі з арміі ген. Андэрса загінуліі 924 жаўнеры, 2930 былі параненыя, лёс 345 быў невядомы. На вайсковых могілках пахаваныя 1072 палеглыя жаўнеры арміі ген. Андэрса розных нацыянальнасьцяў (палякаў, беларусаў, украінцаў, габрэяў і інш.) і веравызнаньня.
Магіла каталіка Паўла Аляхновіча (з Пінскага павету).
 
У найноўшы час найбольш грунтоўнае дасьледаваньне пра ўдзел беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў бітве пад Монтэ Касіна зрабіў д-р Юры Грыбоўскі. Вынікам гэтых дасьледаваньня стала яго кніга “Беларусы ў бітве за Монтэ Касіна”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” у 2004 годзе. Гэтая кніга, па сутнасьці, адзіны пакуль помнік нашым суайчыньнікам, што знайшлі свой вечны спачын пад Монтэ Касіна і ў італійскай зямлі.
 
Генерал Уладзіслаў Андэрс набіраў у сваё войска грамадзянаў даваеннай польскай дзяржавы, якія на той момант знаходзіліся на тэрыторыі СССР у якасьці ваеннапалонных, а таксама дэпартаваных органамі НКВД з тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны пасьля 1939 году.
 
Ваеннапалонныя палякі і беларусы-каталікі, што знаходзіліся ў
Магіла праваслаўнага Максіма Шарэйкі (з Ваўкавыскага павету).
Казельску, маючы патрэбу ў супольнай малітве, зрабілі абраз Маці Божай Казельскай. Ініцыятарамі стварэньня гэтага абраза выступілі віленскі журналіст д-р Валяр’ян Харкевіч і Тадэвуш Бірэцкі. Валяр’ян Харкевіч, які ў міжваенны час шмат пісаў на тэму Уніі і Жыровічаў, выпадкова выявіў на сьцяне ў старой манастырскай царкве, дзе ўтрымліваліся вязьні, добра захаваную фрэску з выявай Маці Божай Жыровіцкай. Накід абраза для вязьняў зрабіў мастак Мікалай Арцішэўскі. Ён спалучыў рысы дзьвюх галоўных і найбольш шанаваных сьвятыняў краю — Жыровіцкай і Вострабрамскай іконаў Маці Божай. На дошцы з ліпы, якая падобна была з разабранага іканастасу, мастак Міхал Семірадзкі таемна намаляваў алейны абраз, а паручнік Тадэвуш Зялінскі выканаў з другой паловы гэтай дошкі абраз з паліхромнай разьбой.
Абраз Маці Божай Казельскай.
Перад гэтымі абразамі ваеннапалонныя маліліся і ахоўвалі так, што лагерная ахова ня здолела іх знайсьці і адабраць. Калі пачалася фармаваньне арміі Андэрса вязьні схавалі гэтыя два абразы ад лагернай аховы і потым яны прайшлі з 2-м польскім корпусам па ўсіх дарогах вайны. Уласна перад абразом Маці Божай Казельскай (Пераможнай) была адслужана ўрачыстая імша перад бітвай пад Монтэ Касіна. Сёньня абраз з паліхромнай разьбой захоўваецца ў польскім касьцёле сьв. Андрэя Баболі ў Лондане (папа Ян Павел II урачыста каранаваў гэты абраз 8 чэрвеня 1997 году ў Кракаве ў прысутнасьці мільёна вернікаў), а алейны абраз Маці Божай Казельскай (Пераможнай) у 2002 годзе трапіў урэшце ў санктуарыюм сьв. Андрэя Баболі ў Варшаве.
 
Архіўныя дадзеныя дазваляюць сьцьвярджаць, што колькасьць ураджэнцаў Беларусі ў 2-м польскім корпусе за ўвесь перыяд яго існаваньня складала ня менш за 6 тыс. чалавек. Бальшыня беларусаў у арміі Андэрса — гэта пераважна стральцы, старшыя стральцы, капралы, сяржанты, якія належылі да 5-й крэсовай дывізіі пяхоты (каля 60%) і 3-й дывізіі карпацкіх стральцоў (звыш 25%).
Магіла праваслаўнага Барыса Жывалеўскага (з Гарадзенскага павету).
Яскравым сьведчаньнем мужнасьці і ахвярнасьці беларусаў падчас штурму Монтэ Касіна ёсьць іх значны адсотак сярод загінулых і памерлых ад ранаў вайскоўцаў корпусу ген. Андэрса. Гісторык Юры Грыбоўскі крытычна прааналізаваў розныя крыніцы і лічбы, якія называліся адносна колькасьці палеглых падчас бітвы за Монтэ Касіна і пахаваных на тамтэйшых могілках нашых землякоў.
Магіла каталіка Вацлава Пяткевіча (з Пастаўскага павету).
Дэталёвы аналіз зьветак пра пахаваных на мемарыяльных польскіх могілках у Монтэ Касіна выявіў 183 жаўнеры з Беларусі (гэта 20% ад усіх пахаваных там жаўнераў арміі ген. Андэрса).
 
Пасольства Ўкраіны ў Італіі таксама праводзіла пошукавыя працы па вызначэньні колькасьці загінулых пад Монтэ Касіна. Паводле словаў прадстаўніка ўкраінскага пасольства было выяўлена 103 чалавекі, пра якіх можна сказаць, што яны паходзілі з украінскіх земляў.
Магіла праваслаўнага Канстанціна Клімко (з Наваградзкага павету).
Сярод іх ня толькі рыма-католікі, але і шмат грэка-католікаў, а таксама праваслаўных.
 
Юры Грыбоўскі падае і іншыя мясьціны ў Італіі, дзе загінула шмат ураджэнцаў Беларусі: падчас баёў за Ларэта загінулі 234 чал., Казамасіма — 72 чал., Балоньня — 287 чал. Варта адзначыць, што мемарыял у Монтэ Касіна сёньня стаў сымбалічным месцам, дзе ўшаноўваецца памяць усіх нашых 863 землякоў, што загінулі ў баях супраць нацыстаў на Апенінскай паўвысьпе.
 
Сярод ураджэнцаў Беларусі ў арміі ген. Андэрса памятным крыжам Монтэ Касіна былі адзначаныя 285 чал., 80 беларусаў атрымалі высокую польскую вайсковую ўзнагароду — Крыж змагарных, 45 — Срэбны крыж заслугаў з мячамі і 7 — Залаты крыж заслугаў з мячамі. Ураджэнцы Беларусі адзначаны ўзнагародамі і іншых краінаў. Брытанскімі ўзнагародамі: Зорка вайны 1939-1945 — 300 чал., Зорка Італіі — 298; італійскімі ўзнагародамі — 1. Паручнік Леанід Федарук нават быў пасьмяротна ўзнагароджаны найвышэйшай польскай вайсковай узнагародай ордэнам “Virtuti Militari”. Яшчэ пры жыцьці за мужнасьць і адвагу ён быў уганараваны Крыжам змагарных.
 
Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек ля магілы грэка-католіка Васіля Еўтуха на мемарыяльных могілках у Монтэ Касіна (03.05.2014).
Пасьля вайны лёс раскінуў нашых землякоў з арміі Андэрса па ўсім сьвеце. Яны вельмі сумавалі па Радзіме, але не маглі вярнуцца да сваёй радні, ведаючы, што іх чакае. У Беларусь, цягам 1946–48 гадоў вярнулася каля тысячы былых жаўнераў Арміі Андэрса, але іх лёс быў трагічны. Тыя андэрсаўцы, якія вярнуліся дахаты, трапілі пад хвалю сталінскіх рэпрэсіяў. У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 году органы МВД правялі масавую акцыю па арышце й дэпартацыі 890 андэрсаўцаў, якія былі вывезеныя ў Іркуцкую вобласьць. Калі іх адпусьцілі ў 1956-м, то многія з іх вырашылі не вяртацца ў Беларусь і выехалі ў Польшчу. І пасьля вызваленьня ў 1956-м яны былі вымушаныя хаваць свой удзел у вайне. Толькі ў 1993 годзе, згодна з новым Законам аб вэтэранах, былыя жаўнеры Арміі Андэрса атрымалі ў Беларусі статус паўнапраўных удзельнікаў вайны, якія змагаліся супраць нацызму.
 
Сёньня ў Беларусі мала ўспамінаюць пра сваіх землякоў з арміі польскай арміі генерала Андэрса, мала хто чуў пра іх мужнае змаганьне пад Монтэ Касіна. Між тым, Монтэ Касіна — гэта сапраўды яшчэ адно важнае месца памяці і мужнасьці ня толькі польскіх жаўнераў, але і жаўнераў-беларусаў, украінцаў, габрэяў, якія ваявалі ў арміі ген. Андэрса.
 
Больш пра ўдзел беларусаў у бітве пад Монтэ Касіна можна прачытаць тут.
Віртуальнае падарожжа на Монтэ Касіна на сайце Montecassino.org.pl (фота 3D).
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"