Друк
10.09.2014
У Вільні ўшанавалі 500-ыя ўгодкі перамогі войскаў ВКЛ над Маскоўскім княствам
 
У грэка-каталіцкай царкве Сьвятой Тройцы ў Вільні 7 верасьня 2014 году ўкраінскія і беларускія вернікі ўшанавалі памяць продкаў, якія 500 гадоў таму здабылі славутую перамогу пад Воршай — паведамляе сайт Таварыства беларускай культуры ў Літве.
 
Удзельнікі набажэнства ў гонар 500-гадовага юбілею бітвы пад Воршай. (Фота А. Адамковіча)
Літургію з гэтай нагоды адслужылі ўкраінскія сьвятары-базыльяне а. Павел Яхімец і а. Вінкенці (Васіль) Яніцкі ды беларускі сьвятар а. Даніла Сваяк. Набажэнства адбывалася на беларускай і ўкраінскай мовай, што стала добрым сьведчаньнем даўніх братэрскіх сувязяў нашых народаў.
 
500 гадоў таму пад Воршай адбылася адна з найбуйнейшых бітваў ХVI стагоддзя ў Еўропе. Аршанская бітва ўвайшла ў еўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змаганьня з нашмат большымі сіламі праціўніка, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі.
 
У “Хроніцы літоўскай і жамойцкай” перамога пад Воршай зьвязваецца з Божым заступніцтвам:
“А тая война была в пяток на Рожесто Пресвятыя Богородицы и была война великая, бо москвы было пятькрот болш, ниж поляков, руси и литвы. И помогл Бог войску полскому и литовскому, иж всю москву наголову побили и настарших воевод их поимали…”
Перамога нашых продкаў пад кіраўніцтвам Найвышэйшага гетмана Вялікага Княства Літоўскага Канстаніціна Астрожскага апісаная ў многіх тагачасных хроніках, знайшла сваё адлюстраваньне ў шматлікіх творах мастацтва.
 
Бітва пад Воршай (напісана каля 1524-1530 гг.).
Сымбалічна, што 500-гадовы юбілей славутай перамогі нашых продкаў пад Воршай адзначылі ў Вільні, у старажытнай царкве Сьвятой Тройцы (знакамітыя Базыльянскія муры). Справа ў тым, што гэты храм у падзяку Госпаду за перамогу пад Воршай войскаў Вялікага Княства Літоўскага над войскамі Маскоўскага княства фундаваў у 1514-1516 гг. прадстаўнік беларуска-ўкраінскай княскай дынастыі гетман Канстанцін Астрожскі. Храм збудаваны на месцы мучаніцкай сьмерці Віленскіх мучанікаў — сьвятых Антона, Яна і Яўстаха, якія ў 1347 годзе далі сьведчаньне сваёй хрысьціянскай веры.
Царква Сьвятой Тройцы, збудаваная ў гонар перамогі пад Воршай. (Фота І. Бараноўскага).
Як кажа паданьне, гетман Астрожскі ўсю ноч маліўся Найсьвяцейшай Багародзіцы і даў абяцаньне, калі пераможа ворага, збудуе ў падзяку царкву. І сваё абяцаньне ён выканаў. Таксама на сродкі Канстанціна Астрожскага быў збудаваны будынак манастыра, які пазьней належаў манахам-базыльянам і зьяўляўся адным з галоўных цэнтраў пашырэньня Уніі.
 
Царква Сьвятой Тройцы, якая сёлета адзначала свой 500-гадовы юбілей, зьвязана таксама з асобай аднаго з найбольш вядомых сьвятых беларускага і ўкраінскага народаў — сьв. Язафата (Кунцэвіча), архібіскупа Полацкага. Ён таксама зьяўляецца адным з прыкладаў нашай агульнай гісторыі. Народжаны на Валыні, уласна ў Вільні, пры царкве Сьвятой Тройцы, ён распачынаў свой манаскі шлях і служэньне справе хрысьціянскай еднасьці.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"