Друк
16.01.2015
Папа: свабода слова – фундаментальная, але рэлігіі нельга абражаць
 
Права на свабоду слова зьяўляецца фундаментальным, як і права кожнай рэлігіі ня стаць аб’ектам насьмешак, лічыць Сьвяты Айцец Францішак.
 
Падчас пералёту з Шры-Ланкі на Філіпіны Сьвяты Айцец на працягу 45 хвілінаў адказваў на пытаньні журналістаў, якія закраналі самыя розныя і актуальныя тэмы — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Адзін з прадстаўнікоў французскіх СМІ спытаў Францішка пра межы свабоды слова. Фундаментальнымі правамі зьяўляюцца як свабода веравызнаньня, так і свабода слова, падкрэсьліў Рымскі Архірэй. Але, паводле Святога Айца, памыляецца як той, хто забівае ў імя рэлігіі, так і той, хто абражае рэлігіі, прыкрываючыся правам казаць усё, што хоча. Сьвяты Айцец перакананы, што «казаць пра тое, што думаеш», трэба абавязкова, з мэтай дапамогі «супольнаму дабру»; што нельга рэагаваць гвалтоўна на абразы; але адначасова і «нельга правакаваць». «Нельга абражаць веру іншых, нельга насьмяхацца над верай», таму што існуе мяжа, якая акрэсьлена годнасьцю кожнай з рэлігіяў, сказаў Папа.
 
Нагадаем, Папа Францішак рашуча асудзіў узброены напад на рэдакцыю французскага сатырычнага часопіса «Charlie Hebdo», які меў месца ў Парыжы 7 студзеня 2015 году, і выказаў спачуваньні сем’ям ахвяраў тэракту. У выніку таго ўзброенага нападу ісламскіх тэрарыстаў загінулі 12 чалавек і 11 атрымалі раненьні.
 
Папа адказаў таксама на пытаньне пра тэндэнцыю ўсё большага выкарыстаньня дзяцей і моладзі ў тэрарыстычных актах у якасьці сьмяротнікаў. Сьвяты Айцец лічыць, што ў асобах, якія жадаюць забіць сябе дзеля сьмерці іншых, прысутнічае «чалавечая неўраўнаважасьць». «Я думаю, што за кожным суіцыдальным нападам ёсьць нешта, што мае дачыненьне да неўраўнаважанасьці: чалавечай неўраўнаважасьці, ня ведаю, ці псіхічнай, але чалавечай. Нешта не ў парадку з асобай», — сказаў Папа. Сьмяротнік «аддае жыцьцё, але аддае яго ня ў добрым напрамку», як напрыклад місіянеры, якія аддаюць жыцьцё для таго, каб «ствараць», заўважыў ён. Сьвяты Айцец лічыць, што абвязваць дзяцей выбухоўкай — гэта нішто іншае, як іх рабскае выкарыстаньне.
 
Рымскі Архірэй паведаміў таксама, што летам – у чэрвені або ліпені, будзе гатовая яго энцыкліка, прысьвечаная пытаньням экалогіі і навакольнага асяроддзя. Папа жадае, каб гэты дакумент стаў яго ўкладам у працу парыжскай канферэнцыі ААН па праблемах клімату, якая пройдзе ў 2015 годзе. Папярэдні форум, які праходзіў у 2014 годзе ў сталіцы Перу Ліме, расчараваў Францішка з прычыны «адсутнасьці адвагі» на ім.
 
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"