Друк
24.01.2015
Прадстаўнік Папы: Прафесар Анатоль Грыцкевіч дапамог беларусам адкрыць частку сваёй душы
 
Падчас разьвітаньня з вернікам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы гісторыкам Анатолем Грыцкевічам, які памёр 20 студзеня 2015 году, дэкан БГКЦ а. Андрэй Абламейка зачытаў ліст з словамі разьвітаньня, дасланы Апостальскім Нунцыем ў Беларусі архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці.
 
У сваім Слове на разьвітаньне з Анатолем Грыцкевічам прадстаўнік Сьвятога Айца адзначыў:
 
Гісторык Анатоль Грыцкевіч (1929-2015).
«У момант разьвітання з прафесарам Анатолем Грыцкевічам прагну далучыцца да супольнай малітвы, давяраючы Божай міласэрнасьці шляхетнага сына беларускай зямлі.
 
Давяраем Богу гісторыка, які прысьвяціў сваё жыцьцё пошукам у гістарычных дакументах душы свайго народу, каб распавесьці пра яе беларусам.
 
Праца гісторыка, калі ён сябра ісьціны і сумленны як крышталь у яе перадачы, — гэта сакральная праца. Бог збаўляе людзей ня толькі паасобку, Ён збаўляе таксама народ. Паглыбляючы сьвядомасьць уласных каранёў, народ глыбей уваходзіць у Божую любоў, таму што Бог, стаўшы чалавекам, увайшоў у гісторыю.
Пафесар Анатоль Грыцкевіч з рэдактарам часопісу “Аve Maria” Крыстынай Ляльк на аўдыенцыі ў Папы Яна Паўла II (1995 г.).
Гісторыя — гэта нашая плоць, нашае сэрца, нашыя ідэалы. Народ, які губляе сваю гістарычную памяць, губляе сябе.
 
Прафесар Анатоль Грыцкевіч дапамог беларусам адкрыць частку сваёй душы. Бог не забудзецца гэтай агромністай працы, таксама як не забудзецца пра гэта і беларускі народ, часткай гісторыі якога стала сьветлая постаць прафесара Анатоля Грыцкевіча.
 
Па дарозе ў неба няхай суправаджае яго сьвяты Ян Павел II, з якім ён некалькі разоў спаткаўся на гэтай зямлі».
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"