Друк
30.03.2015
Рада Бясьпекі ААН пра перасьлед хрысьціянаў
 
Праблема перасьледу хрысьціянаў і іншых меншасьцяў на Блізкім Усходзе стала тэмай для сьпецыяльнага абмеркаваньня Рады Бясьпекі ААН ў канцы сакавіка 2015 году — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Ініцыятарам гэтай сьпецыяльнай сесіі была Францыя, якая ў цяперашні час кіруе працай Рады Бясьпекі.
 
Драматычную сітуацыю хрысьціянаў у Сірыі і Іраку прадставілі два каталіцкія ярархі: пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый архібіскуп Бернардзіта Ауса, і халдэйскі патрыярх Луіс Сака з Багдаду. Гэтыя факты добра вядомыя, і ўсе ўдзельнікі сустрэчы, у тым ліку і Генеральны сакратар ААН прызналі, што сітуацыя сур’ёзная і патрабуе рэакцыі з боку міжнароднай супольнасьці.
 
Ватыканскі дыпламат падкрэсьліў у сувязі з гэтым, што адказнасьць за абарону грамадзянскіх асобаў ляжыць у такой сітуацыі на Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Зьверхнік Халдэйскай Каталіцкай Царквы архібіскуп Луіс Сака, у сваю чаргу, зьвярнуў увагу на неабходнасьць падтрымкі намаганьняў ураду ў Багдадзе і курдзкіх рэгіянальных уладаў. Ён падкрэсьліў, што ініцыятыва таксама неабходная з боку міжнароднай супольнасьці на больш нізкім узроўні, чым ААН. Гаворка ідзе пра Лігу арабскіх дзяржаў і Арганізацыю ісламскага супрацоўніцтва.
 
Патрыярх таксама прапанаваў шэраг канкрэтных крокаў, якія прывядуць да выпраўленьня сітуацыі на Блізкім Усходзе. Перш за ўсё, неабходна дамагчыся ад краінаў рэгіёну на справе паважаць роўнасьць усіх грамадзянаў. Рэлігійныя лідары, у сваю чаргу, павінны зьмякчыць тон сваіх заяваў і належна тлумачыць рэлігійныя тэксты. Неабходна таксама рэформа адукацыі для абароны маладога пакаленьня ад экстрэмізму. Архібіскуп Луіс Сака прасіў пакараньня для краінаў і асобаў, якія якім-небудзь чынам падтрымліваюць тэрарызм.
 
Аналагічная прапанова прагучала з боку Францыі. Міністар замежных спраў Францыі Ларан Фабіюс прапанаваў, каб Рада Бясьпекі ААН падавала заявы ў міжнародны трыбунал за злачынствы, учыненыя ў адносінах да хрысьціянаў і іншых меншасьцяў у Сірыі і Іраку. «Мы зьяўляемся сьведкамі сапраўднага генацыду. Групоўка “Ісламская дзяржава”, у прыватнасьці, забівае, зьнявольвае або выганяе людзей, якія думаюць ня так, як яны. Не дастаткова проста расказаць пра гэта — мы павінны прыняць канкрэтныя рашэньні па абароне гэтых уразьлівых груп насельніцтва», — заявіў Ларан Фабіюс. Паводле словаў Ларана Фабіюса, з 1,4 млн. хрысьціянаў Іраку, якія пражывалі там у 1987 годзе, на сёньняшні дзень у краіне застаюцца толькі каля 400 тыс. Таму Францыя таксама патрабуе гарантаваць хрысьціянскім бежанцам права на вяртаньне дадому і забесьпячэньне там іхняй бясьпекі.
 
У сваю чаргу, Пан Гі Мун заявіў, што ў жніўні 2014 году Арганізацыя Аб’яднаных Нацый афіцыйна прызнала, што ў раёнах, якія кантралююцца так званай Ісламскай дзяржавай ёсьць пагроза генацыду. Ён запэўніў, што ААН рыхтуе праграму па супрацьдзеяньні рэлігійнаму экстрэмізму. У жніўні яна будзе рэалізавана і будзе грунтавацца на супрацоўніцтве паміж рознымі рэлігійнымі лідарамі.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"