Друк
08.12.2015
Як выглядае Каталіцкая Царква ў школьных падручніках
 
Беларускія школьнікі ў рамках гісторыі краіны і сусьветнай гісторыі вывучаюць і дзейнасьць, ролю, гісторыю Каталіцкай Царквы. Несумнеўна, хрысьціянства мела велізарны ўплыў на грамадзкія, палітычныя, культурныя працэсы ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі.
 
Пра некаторыя асьпекты таго, як дзейнасьць Каталіцкай Царквы паказаная ў школьных падручніках, Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавёў загадчык катэдры ўсеагульнай гісторыі гістфаку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Скарыны кандыдат гістарычных навук, дацэнт Станicлаў Чаропка.
 
«За апошнія 20-гадоў беларускія гісторыкі зрабілі вялікую працу па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ. Трэба аддаць належнае аўтарам, якія паспрабавалі адлюстраваць усю нашую гісторыю, усе яе асьпекты ў рамках школьнага курсу. Аднак ёсьць некаторыя аспекты, якія патрабуюць некаторага дадатковага разгляду. І гэтыя асьпекты зьвязаныя з нашай культурнай гісторыяй, з гісторыяй Царквы ў Беларусі. Узгадаем хоць бы прыняцьце хрысьціянства ў 988 годзе, якое падаецца выключна як гвалтоўны акт. Хоць хрысьціяне зьяўляліся і раней, і былі розныя шляхі прыняцьця хрысьціянства ў нашай краіне», — сказаў гісторык.
 
Асаблівую ўвагу варта зьвярнуць і на пытаньне, зьвязанае з гісторыяй Каталіцкай Царквы, лічыць навуковец. Напрыклад, езуіты падаюцца часта ў негатыўным, адмоўным сэньсе, хаця дзейнасьць іх адыграла вялікую ролю ў жыцьці многіх з нашых суайчыньнікаў у XVI-XVII стагоддзях.
 
Прывядзем некалькі прыкладаў. У падручніку па сусьветнай гісторыі новага часу для 8-га класу, у параграфе аб рэфармацыі ў Германіі гаворыцца: «Касьцёл валодаў вялізным багацьцем, многія сьвятары былі ахопленыя прагай абагачэньня, займаліся вымагальніцтвам пры ўдзяленьні сакрамантаў, прадаваліся пасады біскупаў і індульгенцыі». Такім чынам малюецца цалкам негатыўны вобраз Царквы, не гаворыцца пра шматлікія добрыя справы.
 
А ў падручніку па гісторыі Беларусі для 8-га класу, у параграфе аб контрарэфармацыі ў Беларусі, пішацца аб тым, што контрарэфармацыя ў ВКЛ была таксама накіравана і супраць Праваслаўнай Царквы, бо Рымскія папы разглядалі беларускія землі як плацдарм для далейшага пранікненьня ў Маскоўскую дзяржаву. Далей гаворыцца, што ў ВКЛ ішоў працэс клерыкалізацыі культуры: Царква брала пад кантроль навуку і мастацтва, а навуковыя веды абвяшчаліся грахоўнымі.
 
У той жа час каталіцкі сьвяты Язафат Кунцэвіч названы ў падручніку жорсткім, за гэта яго, нібыта, і забілі праваслаўныя. Пры гэтым, ня пішацца аб тым, наколькі жорстка адбылося забойства ўніяцкага архібіскупа. Але гаворыцца, што ён гвалтоўна насаджаў унію ў Полацкай япархіі. «Пасьля забойства Язафата Кунцэвіча Папа Рымскі запатрабаваў пакараць Віцебск: гарадзкая ратуша была разбураная, з усіх сьвятыняў зьнялі званы, 19 чалавек пакаралі сьмерцю», — пішацца ў падручніку. Пры гэтым ніякіх зьвестак пра гвалтоўны перавод уніяцкіх вернікаў у праваслаўе, пра жорсткія забойствы ўніятаў не падаецца.
 
«Вострым пытаньнем зьяўляецца і гісторыя Грэка-Каталіцкай, Уніяцкай Царквы. Вялікая ўвага нададзена таму, якімі метадамі ўводзілася унія, як навязвалася гэтая унія. Аднак не паказваецца, што ўсё ж такі гэта быў канфлікт унутры Праваслаўнай Царквы, дзе ішла барацьба не паміж уніятамі і праваслаўнымі, а паміж праваслаўнымі, якія прынялі унію, і праваслаўнымі, якія яе не прынялі. Так што яшчэ шмат чаго можна дарабіць. Тым больш, што выходзяць новыя дасьледьваньні, якія раскрываюць тыя або іншыя моманты нашай мінуўшчыны, якія раней былі для нас невядомыя», — падкрэсьліў Станicлаў Чаропка.
 
У якасьці ілюстрацыі гісторык узгадаў работу адной з беларускіх дасьледчыц, знанага навукоўца, гісторыка, прафесара Сьвятланы Марозавай, якая адносна нядаўна выпусьціла кнігу «Сваёй веры ламаць ня будзем. Супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 — 1839 гады)».
 
«Напэўна, вынікі гэтага дасьледаваньня варта таксама ўключыць у вучэбную літаратуру. У гэтай рабоце паказана, наколькі ня проста праводзілася дэўнізацыя. У людзей больш сталага веку, а таксама і ў сучасных школьнікаў, ствараецца ўражаньне, што пасьля таго, як адбыўся Полацкі царкоўны сабор і адмянілі Унію, усё так проста адбылося і прынялі праваслаўе. Аднак, не! На працягу дзесяцігоддзяў беларускі народ, які знаходзіўся ў Уніі, праводзіў упартую барацьбу. І ў кнізе на аснове архіўных крыніц паказана, як ня проста ўводзілася праваслаўе і як моцна насельніцтва, сялянства, бараніла той варыянт хрысьціянства – Унію, якую прынялі іх бацькі», - адзначыў навуковец.
 
Вось вытрымка з новай кнігі Сьвятланы Марозавай: «Сяляне вёсак Саламарэчча і Мацкі Менскага павету заявілі праваслаўным агітатарам: “У якой веры нарадзіліся, у той і памрэм, якую веру дзяды мелі, ня ведаем, але сваёй веры ламаць ня будзем, хаця б нам зламалі й галовы”. На настойлівую прапанову “ўзьяднацца” жыхары вёскі Бранчыцы Слуцкага павету адказалі: “Бі нас, катуй, куй, а мы застанемся ва ўніяцкай веры”. Прыхаджане “занятых” у 1795 г. на пануючую рэлігію Целяханскай, Обраўскай, Добравіцкай [магчыма, не расчытана або памылка, найбольш верагодна тут павінна быць “Аброўскай, Бабровіцкай” — заўв. рэд. «Царквы»], Выганаўскай, Глінянскай і шэрагу іншых цэркваў Пінскага павету выказалі цьвёрды намер застацца “ва ўніяцкай рэлігіі, у якой іх бацькі, дзяды, прадзеды” былі “і без аніякай перашкоды яе вызнавалі, якую з персяў сваіх маці выссалі”. Сяляне вёскі Макрыдна Чавускага павета [верагодна, в. Макрадка ў сучасным Чавускім р-не — заўв. рэд. «Царквы»], нягледзячы на пагрозы, адмовіліся мяняць веру».
 
Хочацца спадзявацца, што больш праўдзівае адлюстраваньне гісторыі Каталіцкай Царквы ў хуткім часе зьявіцца ў беларускіх падручніках.
 
Паводле матэрыялу Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"