Друк
14.08.2016
Гісторык Ігар Пушкін: «Роля і значэньне ўніяцтва для беларускага народу дужа вялікія»
 
Заява Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Паўла ў Магілёве пра тое, што Унія не спрыяла аб’яднаньню беларускіх хрысьціянаў, а наадварот, «была страшнай спробай навязаць праваслаўным каталіцкую веру», выклікала вялікі рэзананс у беларускіх СМІ і сацыяльных сетках. Найчасьцей, рэакцыя была неагтыўнай на гэтыя словы.
 
Гісторык з Магілёва Ігар Пушкін.
Адзін з стваральнікаў і першы дырэктар Музею гісторыі горада Магілёва, кандыдат гістарычных навук, дацэнт катэдры гуманітарных дысцыплінаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту харчаваньня Ігар Пушкін пракаментаваў для Радыё Свабода выказваньне праваслаўнага першаярарха Беларусі, што выклікала такую бурную рэакцыю ў беларускім грамадзтве.
 
Гісторык Ігар Пушкін сьцьвярджае, што ўніяцтва стала вынікам спробы аб’яднаць жыхароў адной краіны ў адным хрысьціянскім веравызнаньні. Ён нагадвае: у Беларусь хрысьціянства прыйшло, калі яно яшчэ не было падзеленым. Таму, на думку магілёўскага гісторыка, ідэя аб’яднаньня беларусаў у адным веравызнаньні мела глыбокія карані.
 
«Берасьцейскую унію прынялі ня ўсе праваслаўныя вернікі і сьвятары. Варта адзначыць, што тады яе распаўсюджвалі ў тым ліку і гвалтам. Але гэтак жа гвалтоўна унія была скасаваная ў 1839 годзе. Ніякага добраахвотнага аб’яднаньня не было і тады. Ніхто ў народу не пытаў ягонай думкі. У праваслаўных вырашаюць усё ярархі», — кажа Ігар Пушкін.
 
«З цягам часу, пасьля падпісаньня уніі, большая частка насельніцтва краю стала грэка-каталікамі, — працягвае гісторык. — Мовай казаняў у цэрквах была ня польская або лацінская, як у рыма-каталікоў, а беларуская мова. Дзякуючы ўніяцтву беларуская мова і захавалася. Таму роля і значэньне ўніяцтва для беларускага народу дужа вялікія».
 
Мітрапаліт Павел наведаў Магілёў, каб узяць удзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных праваслаўнаму сьвятару і асьветніку 17 стагоддзя Георгію Каніскаму. Ягоным імем праваслаўныя вернікі хочуць назваць адну з цэнтральных плошчаў гораду. Ініцыятыва вернікаў спарадзіла палкую дыскусію пра асобу Каніскага і пра беларускую мову ды культурную ідэнтычнасьць.
 
Паводле Мітрапаліта Паўла, Георгі Каніскі навярнуў у праваслаўе сотні тысячаў вернікаў і ў гэтым яго вялікая заслуга для беларусаў.
 
Ігар Пушкін сумняваецца ў слушнасьці выказваньня праваслаўнага ярарха. На ўсходзе Беларусі, кажа ён, нямала землеўладальнікаў, пасьля таго як беларускія землі апынуліся пад Расеяй, у якой дзяржаўнай рэлігіяй было праваслаўе, прынялі новую ўладу, а з ёю паступова вымушана памянялі і веравызнаньне. Магілёўскі краязнаўца нагадвае, што ў народу наогул ніхто не пытаўся, якой яны хочуць трымацца веры, бо дзейнічаў прынцып: «які пан, такая і вера». «Ніхто па гэтым пытаньні не галасаваў, асабліва тады, калі ў Расеі быў прыгон», — кажа гісторык.
 
Тым ня менш, нямала вернікаў і на Ўсходзе Беларусі аказалі супраціў пераходу ў праваслаўе.
 
«Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай на ўсходзе Беларусі землі, на якіх жылі ўніяты, перадаваліся ва ўласнасьць расейскім землеўладальнікам. Асабліва тыя землі, уладальнікі якіх не прынялі ўладу Кацярыны ІІ. Сяляне гэтых зямель адназначна станавіліся праваслаўнымі, бо памешчыкі былі праваслаўнымі», — рэзюмуе Ігар Пушкін.
 
Варта адзначыць, што ў 1920-ыя гады менавіта на Магілёўшчыне пачала адраджацца Унія. Мясцовыя беларусы з вялікім энтузіязмам успрынялі місіянерскую дзейнасьць і пропаведзі грэка-каталіцкага Экзарха Леаніда Фёдарава, які заклікаў да аднаўленьня хрысьціянскай еднасьці.
 
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"