Друк
17.10.2013
У Варшаве абмеркавалі новыя выклікі для паяднаньня ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе
 
2-4 кастрычніка 2013 году ў Цэнтры праваслаўнай культуры імя сьвятых Кірылы і Мятода ў Варшаве (Польшча) праходзіла Міжнародная канферэнцыя «Прымірэньне ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе. Новыя выклікі», паведамляе сайт ecumenia.pl. Гэтае экуменічнае спатканьне, ужо 16-ае па ліку, было арганізавана Польскай Экуменічнай Радай у рамках праекту «Прымірэньне ў Еўропе — задача Цэркваў ва Ўкраіне, Беларусі, Польшчы і Нямеччыне».
 
Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі «Прымірэньне ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе. Новыя выклікі».
Працоўная група «Прымірэньне» дзейнічае з 1996 году. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі Цэркваў Нямеччыны, Польшчы, Беларусі і Ўкраіны. Мэтай групы зьяўляецца абмеркаваньне актуальных праблемаў сучаснасьці і магчымага ўнёску Цэркваў у рашэньне гэтых праблемаў.
 
На ўрачыстым адкрыцьці канферэнцыі прысутнічаў Зьверхнік Польскай Праваслаўнай Царквы Яго Блаславенства Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава. Праваслаўны першаярарх зьвярнуўся да прысутных з вітальным словам. Для ўдзелу ў канферэнцыі ў Варшаву прыбылі прадстаўнікі хрысціянскіх цэркваў з Польшчы, Нямеччыны, Беларусі і Ўкраіны. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву на гэтым экуменічным спатканьні прадстаўляў а. Андрэй Крот з Горадні, які выступіў у адной з тэматычных дыскусіяў канферэнцыі.
 
На канферэнцыі былі прадстаўлены даклады пра «Сумесны зварот да народаў Польшчы і Расеі», пра «Значэньне дасягненьняў і цяжкасьцяў у працэсе польска-нямецкага прымірэньня для прымірэньня паміж Польшчай і Ўкраінай», але ўсё ж асноўным прадметам дакладаў і дыскусіяў была «Дэкларацыя пра польска -ўкраінскае прымірэньне», падпісанае ў Варшаве ярархамі рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай Царквы ва Ўкраіне і ў Польшчы напярэдадні 70-й гадавіны Валынскай трагедыі.
 
Прафесар а. Зыгфрыд Глэзэр (Рымска-Каталіцкая Царква ў Польшчы) распавёў пра працэс падрыхтоўкі і пра зьмест Сумеснага пасланьня народам Расеі і Польшчы Зьверхніка Расейскай Праваслаўнай Царквы Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірылы і Старшыні Каталіцкай Канферэнцыі Біскупаў Польшчы Архібіскупа Юзафа Міхаліка, мітрапаліта Перамышальскага (падпісаны 17 жніўня 2012 году). Ён падкрэсліў, што тэкст пабудаваны на багаслоўскім падмурку, ён не зьяўляецца палітычным дакументам. “Гэтае пасланьне не прэтэндуе на разьвязаньне гістарычных спрэчак. Яно распачынае дыялог, а не завяршае яго”, — сказаў а. Глэзэр. Багаслоў таксама выказаў упэўненасьць, што дакумент застанецца ў сьвядомасьці ня толькі эксьпертаў.
 
Пра польска-ўкраінскую дэкларацыю аб прымірэньні, падпісаную прадстаўнікамі Рыма-Каталіцкай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў Польшчы і Ўкраіны 28 чэрвеня 2013 году ў сувязі з 70-годдзем Валынскай трагедыі, а таксама складанасьці падчас яе падрыхтоўкі, распавядалі з польскага і рыма-каталіцкага боку — сакратар Канферэнцыі Біскупаў Польшчы біскуп Войцех Поляк, а з украінскага і грэка-каталіцкага боку — сьвятар з Любліна д-р Стэфан Батрух. Абодва былі аднадушныя ў сваёй ацэнцы гэтага дакументу як надзвычай важнага для зьбліжэньня абодвух народаў, для пераадоленьня даўняй непрыязнасьці і варожасьці паміж імі. Таксама была адзначана добрая воля кожнага з бакоў падчас падрыхтоўкі Дэкларацыі. Адначасова зьвярталася ўвага на шматлікія, да гэтага часу нявырашаныя, пытаньні стасункаў паміж імі, якія цягнуцца з мінулага. Іх канчатковае вырашэньне, як і ў выпадку польска-расейскіх стасункаў, павінны шукаць гісторыкі. Абодва прадстаўнікі Цэркваў таксама падкрэсьлілі важны ўклад Цэркваў у справу польска-ўкраінскага прымірэньня.
 
У другі дзень на канферэнцыі з дакладамі, прысьвечанымі Валынскай трагедыі, выступілі польскі гісторык Гжэгаж Матыка і ўкраінскі гісторык Ігар Ільюшын.
 
Затым адбыўся круглы стол, у рамках якога прадстаўнікі хрысьціянскіх Цэркваў Польшчы і Ўкраіны прадставілі сваё бачаньне персьпектываў узаемнага прымірэньня двух народаў. На канферэнцыі адзначалася, што, як у Польшчы, так і ва Ўкраіне, радыкальныя асяродкі абвінавачваюць памяркоўных дасьледчыкаў гэтай складанай тэмы ў антынацыянальнай дзейнасьці. У сувязі з гэтым нельга не адзначыць станоўчую ролю хрысьціянскіх Цэркваў у гэтых дыскусіях, якія не імкнуцца даць гістарычную, але толькі маральную ацэнку тых трагічных падзеяў.
 
Д-р Гжэгаж Купрыяновіч з Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы нагадаў пра гістарычны кантэкст Валынскай трагедыі, якім была даваенная палітыка польскіх уладаў, накіраваная на прымусовую паланізацыю і зьмену свайго веравызнаньня на рымскі каталіцызм. Разбураліся таксама і храмы.
 
Любоў да Радзімы зьяўляецца натуральным пачуцьцём — адзначыў у сваім выступе праф. Уладзімір Бурэга з Украінскай Праваслаўнай Царквы. Патрыятычныя пачуцьці, аднак, могуць быць скажоныя праз грах, напрыклад, праз агрэсіўны нацыяналізм ці ксенафобію, адзначыў ён.
 
Д-р Аляксандар Даброер з Рыма-Каталіцкай Царквы з Адэсы (Украіна) нагадаў, што з кожнага боку былі і ахвяры, і злачынцы. Прафесар Марэк Рэмбеж з Рыма-Каталіцкай Царквы ў Польшчы, падкрэсьліў, што з пункту гледжаньня хрысьціянства чалавечае жыцьцё мае адназначна большы прыярытэт над нацыянальнай прыналежнасьцю. Сярод ахвяраў няма «нашых» і «вашых», сказаў ён, бо ўсе яны зьяўляюцца людзьмі.
 
Удзельнікі дыскусіяў у групах аднадушна адзначалі, што, каб дайсьці да ісьціны, трэба ачысьціць мінулае і адмовіцца ад трыюмфалізму.
 
У апошні дзень канферэнцыі былі таксама прадстаўлены станоўчыя прыклады польска-ўкраінскага супрацоўніцтва.
 
Базыльянін а. Пётр Кушка з Варшавы, адзначыў, што гэта, напэўна, першая экуменічная канферэнцыя, дзе грэка-каталікі мелі магчымасьць абмяркоўваць шляхі паяднаньня народаў і Цэркваў на роўных умовах з праваслаўнымі. Таксама ён сказаў, што польска-ўкраінскае прымірэньне адбываецца ўжо ня толькі ў вярхах, у галовах інтэлектуалаў, яно пачынае ахопліваць і простых людзей, найперш моладзь, і таму ёсьць надзея, што гэты працэс прынясе добры плён.
 
Айцец Андрэй Крот выступае падчас дыскусіі на канферэнцыі ў Варшаве.
Нягледзячы на тое, што падзеі, якія адбываліся 70 гадоў таму на Валыні мала закранулі тэрыторыю Беларусі, для ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі ўдзел у канферэнцыі стаў важным досьведам у справе хрысьціянскай ацэнкі балесных момантаў у гісторыі розных народаў.
 
Польска-беларускія дачыненьні ў апошнюю вайну і ў пасьляваенны час, хоць і не абцяжараныя такой вялікай колькасьцю ахвяраў, як гэта мела месца ва ўкраінска-польскіх дачыненьнях, дзе лік ідзе на дзясяткі тысячаў ахвяраў, таксама выклікаюць вялікія спрэчкі ў грамадзтве, непрыняцьцё і неразуменьне адносна дзеяньняў Арміі Краёвай, беларускай калабарацыі і савецкай партызанкі. Карані гэтых праблемаў яшчэ глыбей, у міжваеннай Польшчы, але балесныя падзеі тых часоў і сёньня адгукаюцца ў нашым грамадзтве, як, напрыклад, у сітуацыі з устаноўкай і зносам помніка апошняму кіраўніку збройных атрадаў АК. У нашай сумеснай беларуска-польскай гісторыі таксама мусіць адбыцца рахунак сумленьня і ўзаемнае прымірэньне. І хрысьціянскія Цэрквы таксама павінны сказаць тут сваё слова і дапамагчы грамадзтвам стаць на шлях прымірэньня і ўмацаваньня добрасуседзтва.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"