Друк
14.12.2018
Сьвяты Айцец: абарона правоў чалавека – асаблівая місія хрысьціянаў
 
Папа Рымскі Францішак скіраваў пасланьне да ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі «Правы чалавека ў сучасным сьвеце: дасягненьні, хібы, адмаўленьне», якая 10-11 сьнежня 2018 году праходзіла ў Рыме — паведамляе Vatican news.
 
Папа Рымскі Францішак заклікаў удзельнікаў форуму на розных узроўнях бараніць правы ўсіх людзей, паколькі справядлівасьць і салідарнасьць — гэта асаблівая місія для кожнага хрысьціяніна.
 
«З увагай назіраючы за нашым сучасным грамадзтвам, можна заўважыць шматлікія супярэчнасьці, якія прымушаюць спытацца, ці годнасьць кожнага чалавека, урачыста абвешчаная 70 гадоў таму, сапраўдны роўная, прызнаецца, паважаецца, абараняецца, падтрымліваецца пры любых абставінах», — напісаў Рымскі Архірэй.
 
Папа Францішак нагадаў пра існаваньне шматлікіх формаў несправядлівасьці, якія «ўмацоўваюцца рэдукцыйна-антрапалагічнымі поглядамі і эканамічнай мадэльлю, заснаванай на прыбытку, які не цураецца эксплуатацыі, адчужэньня і нават забойства чалавека».
 
«У той час, як адна частка чалавецтва жыве ў раскошы, годнасьць іншых людзей застаецца непрызнанай, пагарджанай, растаптанай, а іх фундаментальныя правы ігнаруюцца ці парушаюцца», — падкрэсьліў Сьвяты Айцец.
 
Папа ўзгадаў пра немаўлят, якім забараняюць прыйсьці на сьвет; людзей, якія ня маюць доступу да сродкаў, патрэбных для годнага жыцьця; тых, хто ня мае магчымасьці атрымаць належную адукацыю; несправядліва пазбаўленых працы ці прымушаных працаваць у няволі; вязьняў, якія ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, падвяргаюцца катаваньню, пазбаўляюцца магчымасьці загладзіць сваю віну; ахвяраў гвалтоўнага выкраданьня і іх сем’і.
 
У сваім пасланьні Францішак зьвярнуў увагу таксама на сітуацыю людзей, да якіх ставяцца з падазронасьцю і пагардай, якія пакутуюць ад нецярпімасьці, дыскрымінацыі і насільля па прычыне расавай, этнічнай, нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасьці. «Не магу не ўзгадаць пра ўсіх, хто спазнае шматлікія парушэньні сваіх фундаментальных правоў у драматычным кантэксьце ўзброеных канфліктаў, у той час, калі бессаромныя гандляры сьмерцю ўзбагачаюцца за кошт крыві сваіх братоў і сясьцёр», — напісаў Сьвяты Айцец.
 
Форум быў арганізаваны Дыкастэрыяй па служэньні інтэгральнаму разьвіцьцю чалавека ў супрацоўніцтве з Папскім грыгарыянскім універсітэтам з нагоды 70-годдзя Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і 25-годдзя Венскай дэкларацыі і Праграмы дзеяньня. У міжнароднай канферэнцыі прымалі ўдзел дыпламаты, акрэдытаваныя пры Сьвятым Пасадзе, прадстаўнікі ААН, Рады Еўропы, Камісіяў епіскапатаў па пытаннях справядлівасьці і міру, навукоўцы, дасьледчыкі і грамадзкія дзеячы.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"