Друк
19.04.2019
Пажар у катэдры Нотр-Дам у Парыжы: узрушаньне і боль
 
«Узрушаньне і боль, які перажываюць мільёны людзей па ўсім сьвеце, у сувязі з пажарам у саборы Парыжскай Багамаці, ня ёсьць выключна хрысьціянскім пачуцьцём і ня толькі хрысьціяне перажываюць смутак з гэтае нагоды», — піша беларускі грэка-каталіцкі сьвятар з Бельгіі а. Іван Майсейчык.
 
Таму ня ёсьць правільным, але брыдкім сьпекуляваньне на тым, што нібыта «бязбожнікі» на чале з Макронам наўмысна паддалі гэтую сьвятыню зьнішчэньню.
 
Трэба разумець, што Нотр-Дам — гэта ня толькі сьвятыня для хрысьціянаў-каталікоў, але надзвычайна каштоўны культурна-гістарычны аб’ект агульначалавечай спадчыны.
 
Калі каму гэта цікава, то нават для «злосных і ўсюдыісных масонаў» Нотр-Дам — таксама сьвятыня: пасьля жахлівай Французскай рэвалюцыі тут разьмяшчаўся іхні «храм розуму», і тут яны каранавалі сваю аднайменную «багіню»...
 
І нават калі пазбавіць усё кіраўніцтва Парыжу і Францыі якіх бы тое ні было сантымэнтаў і людзкіх пачуцьцяў, дэманізаваўшы іх да скрайнасьці, то нават з прагматычнага пункту гледжаньня сабор ёсьць вялікім для іх прыбытковым артыкулам, што папаўняе французскі бюджэт: за год яго наведвала ажно 3 мільёны чалавек...
 
Але чалавецтва адзінае больш, чым нам здаецца, і людзкасьць ўласьцівая абсалютнай большасьці людзей, незалежна ад рэлігійнай і канфесійнай прыналежнасьці...
 
Калі талібы ў 2001 годзе зьнішчылі 2000-гадовыя Бам’янскія статуі Будды ў Аўганістане, або калі ІДІЛ падарваў 2000-гадовыя «вароты бога» і старажытную бібліятэку ў Масуле і многія іншыя старажытныя палацы, храмы і артэфакты пару гадоў таму, то я (і мільёны іншых людзей) адчуваў горкі смутак з гэтае прычыны, ня менш, чым цяпер.
 
І калі б хтосьці ўчыніў цяжкую шкоду ягіпецкім пірамідам і знакамітаму Сфінксу, то я таксама гараваў бы разам з усімі людзьмі добрае волі...
 
Сапраўды, назіраючы за парыжскай трагедыяй анлайн, я бачыў, што многа людзей (на той час каля 350) з усяго сьвету паставілі падабайкі сьмеху і радасьці, але значкаў сьлёзаў і гараваньня паставілі на той час ужо дзясяткі тысячаў самых розных людзей з самых розных краінаў...
 
ДОБРЫХ ЛЮДЗЕЙ У СЬВЕЦЕ НЕПАРАЎНАЛЬНА БОЛЬШ!!!

Парыжане сьпяваюць малітву ў час, калі пажарныя ратуюць Нотр-Дам:
Відэа: Радыё Свабода


 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"