Друк
21.04.2020
«Шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім» у часы пандэміі
 
Ці «геройства» з пагардай да небясьпекі каранавіруса зьяўляецца праявай моцнай веры хрысьціяніна? Пра пошук Бога ў час бяды разважае езуіт з Віцебска айцец Віктар Жук.
 
«Сьвет ня будзе такім, як раней» — даволі часта ў гэтыя дні можна пачуць падобнае меркаваньне наконт наступстваў пандэміі каранавірусу. Такія каментары, пэўна ж, не даюць поўнага разуменьня таго, што нас чакае, калі эпідэмія ўсё ж скончыцца.
 
Акрамя чалавечых ахвяраў, сем’яў, якія страцілі сваіх родных, дастаткова ўзгадаць эканамічны крызіс, які, верагодна, закране большасьць з нас.
 
На знак падзякі намаганьням медыкаў у барацьбе з каранавірусам на статую Хрыста-Збаўцы ў Рыё-дэ-Жанэйра зрабілі праекцыю медыцынскага халата,12 красавіка 2020 г.
Аднак ёсьць яшчэ адзін бок сёньняшняй сітуацыі: страх, трывога, разгубленасьць праз нявызначанасьць, парушэньне звыклага ладу жыцьця, руйнаваньне планаў, невядомасьць... Гэтыя фактары пакідаюць свой адбітак у эмацыйнай памяці і могуць застацца з намі на доўгі час, калі не на паверхні ўспрыманьня, то ў падсьвядомасьці. У такіх абставінах, калі больш за ўсё ёсьць патрэба ў духоўнай падтрымцы, многія пазбаўленыя доступу да звыклых крыніцаў Божай ласкі і спосабаў выяўляць сваю веру — сьвятых таямніцаў, удзелу ў жыцьці царкоўнай супольнасьці, размоваў з духоўнай асобай...
 
Ня варта недаацэньваць рызыку, якую гэты крызіс уяўляе для веры прынамсі некаторых членаў нашых рэлігійных супольнасьцяў. Як у сьвятле веры інтэрпрэтаваць сёньняшнія падзеі? Інакш кажучы, дзе ж Бог у гэтым? Якой рэакцыі Госпад чакае ад нас? Часам гэтыя пытаньні гучаць адкрыта, часам яны завуаляваныя ў нашых спробах усьвядоміць і прыняць тое, што адбываецца.
 
Проста «адмаўчацца», праігнараваць само пытаньне — ня выйсьце; тыя, хто нівелюе праблему, робяць гэтак да таго часу, пакуль яна не закране калі ня іх саміх, то кагосьці з блізкіх ці сяброў.
 
Ёсьць і «геройскі» варыянт адказу: абвяшчаць, што «вера нас уратуе», «верніку няма чаго баяцца», — аднак тут відавочны занадта спрошчаны погляд на рэчы, які адмаўляе рэальнасьць натуральных чалавечых рэакцый на пагрозу.
 
У XVI стагоддзі сьв. Ігнат Лаёла сфармуляваў прынцып, які выяўляе радыкальную паставу веры: «шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім». Ці можа гэты прынцып дапамагчы кіравацца ў нашым пошуку сэнсу? Ці магчыма шукаць і знайсьці Бога ў абмежаваньнях, у цярпеньні, у бясьсільлі?
 
У ХХ стагоддзі духоўны сын сьв. Ігната П’ер Тэяр дэ Шардэн у межах грандыёзнага праекту ўключэньня эвалюцыянісцкай тэорыі ў хрысьціянскае бачаньне сьвету па-свойму спрабаваў растлумачыць, якім чынам можна заўважыць Боскае дзеяньне ў «сілах зьмяншэньня», гэта значыць ва ўсім тым, што скіравана супраць узрастаньня і прагрэсу, супраць чалавечага жыцьця ў яго фізічным і нематэрыяльным вымярэньнях. У сваёй працы «Боскае асяроддзе» ён піша:
 
«Бог ужо перамяніў нашыя цярпеньні, прымусіўшы іх рэальна служыць нашаму дасканаленьню. У Ягоных руках самым пэўным чынам сілы зьнішчэньня ператварыліся ў прыладу, якой Ён абчэсвае, точыць, шліфуе нас, як камень, прызначаны заняць дакладнае месца ў Нябесным Ерусаліме. Ён учыніць і большае, паколькі Яго ўсемагутнасьць, уплываючы на нашую веру, зьмяняе падзеі, якія фактычна зьяўляюцца ў нашым жыцьці чыстымі стратамі, у непасрэдны фактар так жаданай для нас еднасьці з Ім».
 
У другім сваім эсэ пад назваю «Каштоўнасьць і станоўчае значэньне цярпеньня» ён робіць яшчэ больш сьмелую заяву:
 
«Які велізарны акіян людзкога цярпеньня распаўсюджваецца па ўсёй зямлі ў кожны момант! З чаго ўтвораная гэтая маса? З цемры, недахопаў, адрынутасьці... Не, дазвольце мне паўтарыць, але з патэнцыйнай энэргіі.
 
У пакутах узыходзячая моц сьвету схаваная ў надзвычай інтэнсіўнай форме. Пытаньне ўсё ў тым, як яе вызваліць і ўсьвядоміць яе значэньне і магчымасьці. Сьвет памкнуўся б да вышяняў да Бога, калі б усе хворыя разам ператварылі свой боль у агульнае жаданьне таго, каб Валадарства Божае ажыцьцявілася як найхутчэй».
 
Рэальнасьць цярпеньня зьяўляецца, мабыць, самым вялікім выклікам веры; яно прымае самыя разнастайныя формы (а ў маральных праявах яно нярэдка больш страшнае за проста фізічны боль, як бачна на прыкладзе тых, хто сёньня памірае ў самоце, без магчымасьці разьвітацца з роднымі). Не прэтэндуючы на вычарпальны выклад гэтага вельмі складанага багаслоўскага пытаньня, можна сказаць толькі, што цярпеньне страшэнна супярэчыць сьветабудове, якую стварыў добры і любячы Творца.
 
І менавіта тут, як ні ў якім іншым пытаньні, чалавечы розум мае патрэбу ў Евангельлі, якое дазваляе ўбачыць цярпеньне з іншага, Боскага пункту гледжаньня. Менавіта тут чалавечае ўспрыманьне больш за ўсё мае патрэбу ў метаноі, у навяртаньні, або (даслоўна з грэцкага арыгіналу) у перамене розуму, сьвядомасьці, сэрца. Хрысьціянская надзея ня можа быць ніякай іншай, як толькі пасхальнай надзеяй: удзел праз хрост у сьмерці і ўваскрасеньні Хрыста азначае для хрысьціяніна прыняцьце рэальнасьці цярпеньня і паміраньня як часткі шляху да новага жыцьця.
 
Звычайнае існаваньне і звыклае, інстынктыўнае ўспрыманьне занадта лёгка прымушаюць нас забывацца на гэтую праўду. У нашых штодзённых намаганьнях і памкненьнях мала месца для прыняцьця факту паміраньня — і ў фізічным яго выразе (урэшце, з кожным днём сьмерць становіцца ўсё бліжэй), і ў духоўным, як паміраньне для сябе, для свайго эга («Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе...» — Мк 8, 34).
 
Пэўна, менавіта таму, што чалавечая прырода, усе нашыя інстынкты супрацьстаяць такой персьпектыве, у кнігах Новага Запавету і ад самога Ісуса, і ад сьв. Паўла сьледам за Госпадам мы так часта чуем напамін пра гэтую праўду. У сьвятле Хрыстовага Евангельля нам дадзена інакш успрымаць і наступствы эпідэміі каранавірусу, і ўсе астатнія цяжары і смуткі зямнога існаваньня, бачачы ў іх «матэрыю» для нашага яднаньня з сьмерцю Хрыста, якая вядзе да ўваскрасеньня.
 
Разам з П’ерам Тэярам дэ Шардэнам зробім неабходную агаворку: гэтая нашая пасхальная вера грунтуецца на тым, што ў першую чаргу мы прыкладзем усе магчымыя высілкі, каб супрацьстаяць злу і цярпеньню.
 
Аднак там, дзе мы па-чалавечы бясьсільныя, Бог пераменіць нашую паразу ў плады Валадарства, якое мы пакуль што збольшага можам сузіраць толькі верай.
 
Хрысьціянская надзея ня можа быць ніякай іншай, як толькі пасхальнай надзеяй.
 
Мікраскапічны каранавірус, нягледзячы на свой памер і вельмі прымітыўную структуру, мае здольнасьць справакаваць сьмерць жывой істоты. Ён зьяўляецца сымбалем нябачнага зла, якое аслабляе і ўрэшце імкнецца зьнішчыць чалавечае жыцьцё і матэрыяльна, і духоўна, разам з усім багацьцем яе сувязяў з створаным сьветам.
 
Гледзячы ў вочы гэтай трагічнай рэальнасьці і не адмаўляючы боль, страх і ўсе спадарожныя працэсу разбурэньня чалавечыя эмоцыі, у нас, тым ня менш, ёсьць шанец вызнаваць ня проста слоўную формулу, але глыбокую веру ў тое, што Божая любоў мацнейшая за зло і перамяняе нашыя цярпеньні, зьяднаныя з сьмерцю Божага Сына, у рэальнасьць Божага Валадарства.

Пераклад з сайту Jesuit.ru на беларускую І. Бараноўскага.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"