Друк
15.04.2020
Апраўданы кардынал Пэл, якога вінавацілі ў сэксуальных дамаганьнях
 
Вярхоўны суд Аўстраліі аднагалосна апраўдаў 78-гадовага кардынала Джорджа Пэла, асуджанага нібыта за сэксуальныя дамаганьні да непаўналетніх — паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
 
На працягу 13 месяцаў пажылы ярарх знаходзіўся ў турме для самых небясьпечных злачынцаў.
 
Справу кардынала Джорджа Пэла разглядалі сем суддзяў, якія аднагалосна ўсталі на яго бок, прыйшоўшы да высновы, што ў часе працэсу прысяжныя недастаткова старанна разгледзелі прадстаўленыя доказы.
 
“Вярхоўны суд пастанавіў, што прысяжныя, дзейнічаючы рацыянальна ў дачыненьні да ўсіх доказаў, павінны паставіць пад сумнеў віну заяўніка ў кожным злачынстве, за якое ён быў асуджаны, і абавязаў адмяніць пастанову і вынесьці на яе месца апраўдальны прысуд”, — гаворыцца ў дысцыплінарнай частцы пастановы ад 7 красавіка 2020 году.
 
Вышэйшы судовы орган Аўстраліі таксама палічыў, што Вярхоўны суд Новага Паўднёвага Ўэльсу, які разглядаў скаргу год таму, ня ўзяў пад увагу рацыянальных сумневаў на карысьць абвінавачанага. Яны не былі прыняты да ўвагі і прысяжнымі, якія разглядалі справу ў 2018 годзе. Як падкрэсьлівала абарона, адзін з пацярпелых перад сьмерцю прызнаўся, што кардынал не зьдзяйсьняў злачынства. Доказамі ў справе былі толькі паказаньні другога пацярпелага, якія абвяргалі 20 сьведак, выкліканых абаронай. Адзначалася таксама неверагоднасьць месца і часу, у якіх павінен быў адбыцца эпізод у 1996 годзе – сакрыстыя перапоўненай катэдры ў Мельбурне пасьля ўрачыстай Імшы.
 
Кардынал Пэл ужо пакінуў турму Барвон на паўднёвым захадзе ад Мельбурна і цяпер знаходзіцца ў адной з манаскіх супольнасьцяў у Мельбурне.
 
У сваёй сьпецыяльнай заяве ярарх нагадаў, што ўвесь час казаў пра сваю невінаватасьць, і запэўніў, што ня мае крыўды на нікога, падкрэсьліваючы, што адзіны спосаб вылечыць раны мінулага — гэта праўда. Ён падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў, асабліва камандзе юрыстаў.
 
Кардынал Джордж Пэл з 24 лютага 2014 году быў прэфектам ватыканскага Сакратарыяту па эканамічных пытаньнях. Ён пачаў праводзіць радыкальныя рэформы ў банкаўскай сферы Ватыкану, дзе назапасілася шмат сур’ёзных праблемаў. Кардынал Пэл быў адным з блізкіх памочнікаў Папы Францішка. У 2013-2018 г. быў сябрам Рады кардыналаў пры Папе Рымскім. У чэрвені 2017 году ён вымушаны быў пакінуць пасаду прэфекта Сакратарыяту па эканамічных пытаньнях і адправіўся на радзіму, каб адказаць на абвінавачваньні ў сэксуальных злоўжываньнях.
 
Нагадаем, што 11 сьнежня 2018 году ярарх быў прызнаны прысяжнымі ў Мельбурне вінаватым у сэксуальных злачынствах супраць непаўналетніх. 26 лютага таго ж году Апостальская Сталіца вынесла яму забарону на публічнае служэньне і кантакт з непаўналетнімі ў любым выглядзе і форме. 13 сакавіка 2019 году былы архібіскуп Мельбурна Джордж Пэл быў прызнаны вінаватым у сэксуальных дамаганьнях да двух 13-гадовых удзельнікаў хору катэдры сьв. Патрыка ў Мельбурне, што нібыта мела месца ў 1996 годзе, і асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі. Яго ўтрымлівалі ў турме асабліва строгага рэжыму. 21 жніўня 2019 году суд штату Вікторыя адхіліў скаргу і пакінуў прысуд у сіле.
 
Судовы працэс над ватыканскім кардыналам Пэлам быў моцным ударам па рэпутацыі ўсёй Каталіцкай Царквы, паколькі ён быў адным з найбольш высокапастаўленых і ўплывовых ярархаў у Царкве.
 
Цяперашняя пастанова Вярхоўнага суда Аўстраліі зьяўляецца канчатковай.
 
На працягу ўсяго працэсу Сьвяты Пасад прымаў да ведама рашэньні аўстралійскіх судовых інстанцый, чакаючы далейшага разьвіцьця падзеяў і нагадваючы, што кардынал Пэл неаднаразова заяўляў пра сваю невінаватасьць і аб праве абараняцца аж да апошняй судовай інстанцыі.
 
Сьвяты Пасад нязьменна пацьвярджае свой клопат пра ахвяраў сэксуальных злачынстваў і абавязацельства перасьледваць паводле закону, з дапамогаю кампетэнтных царкоўных уладаў, тых прадстаўнікоў духавенства, якія вінаватыя ў падобных злачынствах.

Фота: Vatican News.
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"