Друк
12.08.2020
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў спыніць насільле ў Беларусі і неадкладна склікаць круглы стол
 
11 жніўня 2020 году Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з сьпецыяльным зваротам у сувязі з складанай грамадзка-палітычнай сітуацыяй у Беларусі пасьля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.
 
Ніжэй падаем зьмест звароту архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які быў зьмешчаны на партале Каталіцкай Царквы ў Беларусі Catholic.by.
 
«Браты і сёстры, суайчыньнікі!
 
У апошнія дні мы сталі сьведкамі нябачанай дагэтуль у нашай міралюбнай і памяркоўнай Бацькаўшчыне напружанасьці, зьвязанай з ходам выбарчай кампаніі і прэзідэнцкімі выбарамі, якая вылілася на вуліцы і плошчы нашых гарадоў. Адбыліся сутыкненьні паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі сілавых структур. У выніку актыўнага супрацьстаяньня ўжо, на жаль, пралілася першая кроў і ёсьць пацярпелыя з абодвух бакоў. Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі брат падняў руку на брата.
 
Чаму мы, народ з больш як тысячагадовай гісторыяй хрысьціянства, сёньня як быццам забыліся пра любоў да бліжняга і ўласьцівую нам з даўніх часоў талерантнасьць у адносінах да іншадумцаў? Чаму на нашай сьвятой зямлі паўтараецца біблейская гісторыя сумнавядомага Каіна, які забіў свайго брата Абэля?
 
У гэты лёсавызначальны момант нашай гісторыі ў імя Бога бязьмежнай міласэрнасьці, любові і супакою я зьвяртаюся да ўсіх бакоў канфлікту з заклікам спыніць насільле. Няхай вашыя рукі, створаныя для мірнай працы і братэрскага прывітаньня, не падымаюць ні зброі, ані каменьня. Няхай замест аргументу сілы запануе заснаваная на дыялогу ў праўдзе і ўзаемнай любові сіла аргументу.
 
З даўніх часоў наш народ вырашаў складаныя пытаньні на агульных сходах, якія ў старажытных славянаў называліся вечам. З улікам гэтага каштоўнага вопыту, дзеля хутчэйшага пераадоленьня крызісу ў грамадзтве і спыненьня насільля прапаную неадкладна склікаць адмысловы круглы стол, каб за ім, а не на барыкадах, вырашаць далейшы лёс нашай Бацькаўшчыны.
 
Заахвочваю ўсіх людзей добрай волі да трывалай малітвы аб міры і згодзе ў нашай краіне».

 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"