Друк
15.08.2020
Першаярарх УГКЦ выказаў словы падтрымкі беларускаму народу
 
Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Вярхоўны архібіскуп Кіеўска-Галіцкі Сьвятаслаў (Шаўчук) выказаў словы брацкай салідарнасьці і малітоўнай блізкасьці біскупам, духавенству і манахам Рыма-Каталіцкай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў у Беларусі, а таксама ўсім братам і сёстрам у Хрысьце ды ўсяму беларускаму народу, які змагаецца за свае грамадзянскія правы і свабоды, абараняючы сваё волевыяўленьне, сацыяльную справядлівасьць і ўласную годнасьць.
 
Зварот з словамі брацкай салідарнасьці і малітоўнай блізкасьці ў складаны час пасьля трагічных пасьлявыбарчых падзеяў у Беларусі зьверхнік УГКЦ даслаў 14 жніўня 2020 году на імя Мітрапаліта Менска-Магілёўскага рыма-каталіцкага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і Архімандрыта Сяргея (Гаека), Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
 
Адначасова, як паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, Вярхоўны архібіскуп Кіеўска-Галіцкі Сьвятаслаў Шаўчук заклікаў вернкаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы да штодзённай малітвы а 21-й гадз. за беларускі народ у гэтыя драматычныя дні. Ніжэй падаем тэкст ліста першаярарха УГКЦ.
 
«Яго Эксцэленцыі Тадэвушу Кандрусевічу,
архібіскупу Менска-Магілёўскаму
 
Высокадастойнаму архімандрыту Сяргею Гаеку,
Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі
 
 
Ваша Эксцэленцыя, Уладыка-архібіскуп Тадэвуш!
Высокадастойны Архімандрыт Сяргей!
 
У гэтыя драматычныя дні, калі беларускі народ змагаецца за свае правы і свабоды, абараняючы сваё волевыяўленьне, сацыяльную справядлівасьць і ўласную годнасьць, прагну ад імя біскупаў, духавенства і вернікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы выказаць Вам, біскупам і духавенству Рыма-Каталіцкай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў у Беларусі, богапасьвячаным асобам, усім братам і сёстрам у Хрысьце ды ўсяму беларускаму народу, словы брацкай салідарнасьці і малітоўнай блізкасьці.
 
З трывогай у сэрцы мы назіраем за штодзённымі актамі гвалту, якія чыняцца над безабароннымі грамадзянамі, распазнаючы ў іх падзеі, апісаныя словамі псалмасьпеўцы: «Вось бязбожнікі лук напялі, на цяціву стралу наклалі, каб у змроку цаляць у праведных сэрцам. Калі разбураны асновы, што можа зрабіць праведнік?» (Пс 11 (10), 2-3). Верым, што Госпад Бог, адзіны Ўладар чалавечай гісторыі, нябачна прысутнічае на вуліцах і плошчах Беларусі, каб упэўніць гэты народ, які церпіць пакуты, у Сваёй блізкасьці і збаўленьні: «Вочы Ягоныя бачаць, зрэнкі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў людзкіх. Госпад выпрабоўвае праведнага і нязбожнага; а хто любіць няправеднасьць, ненавідзіць душу сваю» (Пс 11 (10), 4-5).
 
Да Яго, усяміласьцівага і ўсемагутнага Бога, Айца нашага нябеснага, прыносім нашыя просьбы і малітвы за беларускі народ, просячы ў Госпада спыненьня гвалту, устанаўленьня справядлівасьці, міру ды грамадзкага паразуменьня і згоды. Усьведамляючы вялікія пагрозы цяперашніх падзеяў, молімся таксама за абарону Беларусі ад зьнешніх супраціўных сілаў, за захаваньне еднасьці беларускага народу, а таксама незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларускай дзяржавы. Мы падзяляем з вамі ўсімі нашу веру і цьвёрдае перакананьне, што нашыя малітвы будуць пачутыя, бо «Госпад справядлівы і палюбіў праўду. Твар Яго бачыць праведнасьць» (Пс 11 (10), 7).
 
Няхай Найсьвятая Багародзіца, праслаўленая ў шматлікіх цудатворных іконах Беларусі, пакрые ўсіх Вас Сваім нябесным покрывам і выпрасіць у Свайго Сына, Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, сваім улюбёным беларускім дзецям мір, згоду, еднасьць і нябеснае блаславеньне!»
 
© 2020 Газета "ЦАРКВА"