Друк
15.03.2021
Беларускі душпастыр, што ішоў Божым шляхам
 
11 сакавіка – 110 гадоў з дня нараджэньня Льва Гарошкі. Грэка-каталіцкі сьвятар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, дасьледчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар Леў Гарошка нарадзіўся 11 сакавіка 1911 году ў вёсцы Трашчычы (цяпер Карэліцкі раён).
 
Айцец Леў Гарошка за працай на Ватыканскім радыё.
Бацькі аддалі здольнага хлопчыка ў Наваградзкую беларускую гімназію, многія навучэнцы якой сталі адданымі прыхільнікамі беларускай справы. У сям’і яшчэ жылі традыцыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, забароненай Расейскай імперыяй у 1837 годзе. Верагодна, што менавіта гэтым кіраваўся юнак, калі паступіў у 1931 годзе ў Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію. Дапамаглі Льву Гарошку ў паступленьні дырэктар Наваградзкай гімназіі Ян Цеханоўскі і дырэктар беларускага музею ў Вільні Антон Луцкевіч – былы прэм’ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі.
 
Потым было яшчэ навучаньне ў каталіцкім Багаслоўскім інстытуце ў Інсбруку ў Аўстрыі, дзе за свае акадэмічныя посьпехі Леў Гарошка атрымаў стыпендыю грэка-каталіцкага мітрапаліта Львоўскага вялебнага Андрэя Шаптыцкага.
 
17 кастрычніка 1937 года Леў Гарошка атрымаў прасьвітарскае пасьвячэньне з рук украінскага грэка-каталіцкага біскупа Мікіты Будкі ў прыватнай капліцы мітрапаліта Шаптыцкага ў Львове. Першую Боскую Літургію на Бацькаўшчыне сьвятар адслужыў у грэка-каталіцкай парафіі Дзяляцічы на роднай Наваградчыне, дзе тады працаваў а. Вячаслаў Аношка. Потым служыў на Палесьсі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі – у парафіях ва Ўгрынічах, Гарадной (Столінскі раён), Стоўпцах, Збуражы (Маларыцкі раён). Перасьледаваўся за сваю душпастырскую і нацыянальна-асьветніцкую дзейнасьць польскімі ўладамі, пастаянна знаходзіўся пад наглядам паліцыі.
 
Айцец Леў Гарошка (сядзіць другі зьлева) на сустрэчы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднаньня «Рунь» у Рыме.
Пасьля стварэньня ў 1939 годзе Беларускага Экзархату ГКЦ і прызначэння ў кастрычніку 1940 году а. Антона Неманцэвіча першым у XX стагоддзі беларускім грэка-каталіцкім экзархам, а. Леў Гарошка 2 траўня 1942 году быў абраны ў Раду экзархату і стаў віцэ-экзархам. Акрамя духоўнай працы, а. Леў, які ўвесь час вучыўся сам, знаходзіў час для таго, каб дапамагаць суайчыньнікам нават падчас вайны – працаваў на настаўніцкіх курсах, быў выкладчыкам беларускай і лацінскай моў у розных навучальных установах, працаваў у рэдакцыях беларускіх газет.
 
У 1944 годзе а. Леў Гарошка апынуўся ў эміграцыі, дзе стаў духоўным айцом для беларусаў на чужыне і прадстаўніком Беларусі ў Рыме, дапамагаў беларусам, якія служылі ў польскай арміі генерала Андэрса. У 1946 годзе ён падрыхтаваў і выдаў малітоўнік «Божым шляхам», які дагэтуль выкарыстоўваецца многімі беларусамі і шмат разоў перавыдаваўся. Актыўна зьбіраў сродкі на выданьне газеты «Беларускія навіны» (выдавалася ў Парыжы шматтысячным накладам і рассылалася суродзічам па ўсім сьвеце – ад Скандынавіі да Афрыкі і Амерыкі).
 
Часопіс «Божым шляхам».
Айцец Леў Гарошка далей служыў беларускім вернікам у Францыі і Брытаніі, ня мог толькі патрапіць у Беларусь, аднак кіраваў беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё ў 1970-1977 гадах. У гэты перыяд вяшчаньне радыёстанцыі на беларускай мове павялічылася да пяці разоў на тыдзень па 14 хвілінаў. Акрамя непасрэдна ватыканскіх навінаў, айцец Гарошка рабіў ухіл на апалагетычную і беларускую нацыянальную тэматыку.
 
Жывучы ў Парыжы, а. Леў Гарошка ў 1947-1957 гадах рэдагаваў і выдаваў беларускі рэлігійна-грамадзкі часопіс «Божым шляхам». Затым выехаў у Рым, дзе ў 1959 годзе ўступіў у навіцыят айцоў-марыянаў. У 1960 годзе разам з біскупам Чэславам Сіповічам быў накіраваны ў Лондан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі. У 1962-1969 гадах быў ігуменам манаскага дому айцоў-марыянаў у Лондане. У 1965 годзе атрымаў годнасьць архімандрыта. Браў актыўны ўдзел у рэлігійным і культурным жыцьці беларускага замежжа, зьяўляўся сябрам лонданскага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі.
 
Леў Гарошка, Аляксандар Надсан, Ян Дамінік, 1970-ыя гады.
Леў Гарошка выдаў дзясяткі кніжак і навуковых прац у самых розных галінах, склаў грэцка-лацінска-царкоўнаславянска-беларускі слоўнік, слоўнік беларускіх прыказак ды прымавак, які ахоплівае больш за 20 тысяч адзінак. Архімандрыт Леў Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што энцыкліка папы Пія ХІІ «Orientalis omnes» з нагоды 350-х угодкаў Берасьцейскай уніі павінна быць выдадзеная і на беларускай мове, а лацінскае слова «Rutheni» ў ёй перакладзенае, як беларусы і ўкраінцы, што стала важным момантам для таго, каб назва Беларусь пачала заваёўваць належнае яму месца ў дакументах Каталіцкай Царквы.
 
Памёр Леў Гарошка ў Парыжы 28 ліпеня 1977 году. Пахаваны на могілках Сэн-Панкрас у Лондане.
 
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"