Друк
10.04.2022
Супрасьлеўскія канцікі канца XVII стагоддзя — помнік царкоўнай музыкі Ўніяцкай Царквы
 
У Львове ў выдавецтве Ўкраінскага каталіцкага ўніверсітэту выйшла з друку 1-я кніга 27 тома выдавецкай серыі «Кіеўскае хрысьціянства» — «Супрасьлеўскія канцікі канца XVII ст. — помнік базыльянскай царкоўнай музыкі» (у 3 тамах, 2-х кнігах). Гэты новы том выдавецкай серыі «Кіеўскае хрысьціянства» падрыхтаваны да друку ў супрацоўніцтве з гмінай Супрасьля і пры падтрымцы гранту ЕС, — паведамляе сайт УКУ.
 
Навуковая праца зроблена ў рамках праекту «Агульная гісторыя — такая ж будучыня. Супрасьль — Сынковічы — Львоў» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Зьвязу ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча—Беларусь—Украіна на 2014-2020 гг., а таксама пры ахвярнай падтрымцы ўкраінскіх мецэнатаў.
 
Выданьне Супрасьлеўскіх канцікаў (партэсных поліфанічных твораў) канца XVII ст. раскрывае яскравую і невядомую дагэтуль старонку царкоўна-музычнай гісторыі Супрасьлеўскага Дабравешчанскага манастыра ў перыяд яго актыўнай жыцьцядзейнасьці пад амафорам Ордэну базыльянаў. Разьмешчаны на скрыжаваньні беларускай, украінскай і польскай рэлігійных культур, гэты манастыр адыграў важную ролю ва ўспрыняцьці і засваеньні заходніх навацыяў, захоўваючы пры гэтым першааснову літургічнай, багаслоўскай і музычнай практыкі Царквы ўсходняга абраду.
 
Доктар мастацтвазнаўства, прафесар катэдры тэорыі музыкі Львоўскай нацыянальнай музычнай акадэміі імя Міколы Лысенкі Вольга Шуміліна зьдзейсьніла рэканструкцыю поўных партытураў 49 кампазіцыяў, набор нотных тэкстаў і напісала дасьледніцкія артыкулы па музычнай гісторыі Супрасьлеўскага манастыра. Навуковым рэдактарам выданьня зьяўляецца доктар мастацтвазнаўства Юры Ясіноўскі.
 
Кніга 1 на 960 старонках прапануе факсімільнае ўзнаўленьне рукапісных нотных тэкстаў і транскрыпцыю харавых партыяў.
 
Сёлета таксама будзе апублікавана кніга 2 дасьледаваньняў пра Супрасьлеўскія канцікі, у якой будзе зьмешчана рэстаўрацыя поўных партытураў 49 кампазіцыяў (т. 2, кн. 2) і дасьледніцкія артыкулы з музычнай гісторыі манастыра, кадыкалагічныя і палеаграфічныя назіраньні над рукапіснымі помнікамі і асаблівасьцямі царкоўнаславянскай мовы з рысамі мясцовых гаворак (т. 3, кн. 2).

Супрасьлеўскі манастыр — буйны інтэлектуальны цэнтар Вялікага княства Літоўскага, адзін са знакавых асяродкаў у гісторыі беларускага хрысьціянства. У часы Уніі манастыр у Супрасьлі заставаўся важным месцам паломніцтва вернікаў-уніятаў Падляшша, Берасьцейшчыны і Гарадзеншчыны і ператварыўся ў адзін з галоўных цэнтраў кнігадрукаваньня.
 
© 2022 Газета "ЦАРКВА"