Друк
20.09.2013
Першыя прадстаўнікі нашае Царквы ў Рыме
 
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква імкнецца падкрэсьліць сваю традыцыйную сувязь з Апостальскай Сталіцай. Таму дарэчы будзе пазнаёміць нашых вернікаў з гісторыяй храму Жыровіцкай Божай Маці і сьвятых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме. Гэты храм, дзе й сёньня знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай, слынны ў Вечным Горадзе сваімі ласкамі і ацаленьнямі, стаўся на некалькі стагоддзяў маленькім куточкам нашай Бацькаўшчыны, прадстаўніцтвам нашай Уніяцкай Царквы ў горадзе Апостала Пятра. (Сёньня гэтым храмам карыстаюцца ўкраінскія грэка-католікі).
 
Беларускія гісторыкі яшчэ даволі рэдка кранаюць гэтую тэму, таму мы прапануем вам выбраныя часткі з працы ўкраінскага гісторыка біскупа Івана Хомы «Нарис історії храму Жировицької Богоматері і свв. мучеників Сергія і Вакха в Риме» (гл. у кнізе а. доктара Івана Хомы «Київська митрополія в Берестейскім періоді», разьдзел V, с. 185-196, 218-225, Рым, 1979).
 
Намаганьні Кіеўскіх мітрапалітаў мець уласную царкву ў Рыме сягаюць часоў мітрапаліта Руцкага, калі ён у 1625 г. прызначыў першым пракуратарам (прадстаўніком) нашай Царквы айца Міколу Новака, базыльяніна.
 
Мітрапаліт Руцкі ў лісьце да Папы Урбана VIII 10 сьнежня 1625 году пісаў, якія паўнамоцтвы будзе мець пракуратар: «Карысны ў іншых звычай, якога мы дагэтуль не ўжывалі, каб адзін з нас знаходзіўся стала ў Рыме, і мог бы асабіста азнаёміць Вашую Сьвятасьць з нашымі справамі, і, наадварот, — даведацца ад Вашае Сьвятасьці ды паведаміць нам, што цяпер і на будучыню Вашая Сьвятасьць ад нас вымагае. Дзеля гэтага пасылаю аднаго з маіх манахаў базыльянаў, сьвятара Міколу Новака, які найперш складзе ад майго ймя і маіх біскупаў належны послух Вашай Сьвятасьці, а таксама распавядзе, які ёсьць стан Русінскае1 Царквы». А паслаў яго з парады сакратара Кангрэгацыі Пашырэньня Веры — Франчэска Інголі, як вынікае з ліста мітрапаліта Руцкага да Інголі 10 сьнежня 1625, у якім мітрапаліт выказвае сваю ўдзячнасьць за параду наконт прызначэньня пракуратара ў справах Сьвятой Уніі і даручае першага пракуратара ласкавасьці й апецы сакратара Інголі ды просіць дапамагаць яму ва ўсім.
 
Гэты пракуратар быў афіцыйна прыняты ў Кангрэгацыі Пашырэньня Веры 16 чэрвеня 1626 г. у прысутнасьці 6 кардыналаў «і перадаў даверчыя лісты Мітрапаліта Русі, якімі мітрапаліт прызначыў яго прадстаўніком Русінскай Зьяднанай Царквы пры Апостальскім Пасадзе ды прасіў, каб яго ў гэтай якасьці прынялі Папа й Сьвятая Кангрэгацыя і каб гэтая апошняя мела поўны давер да таго, што ён паведаміць ад свайго ймя й ад імя Русінскай Царквы». Праз чатыры дні Кангрэгацыя, у лісьце да мітрапаліта Руцкага, выказала сваю задаволенасьць з прычыны ўстанаўленьня пасады пракуратара, бо спадзявалася, што ў будучыні справы Русінскай Царквы будуць вырашацца хутчэй, на высокім узроўні і з большым посьпехам.
 
А ў лісьце за той самы дзень, 20 чэрвеня 1626 г., да Апостальскага Нунцыя ў Польшчы Лянчэлётта, прэфект Кангрэгацыі кардынал Людавізі пісаў, што айцец Новак уладкаваны ў манахаў сьвятога Базыля, каб зьменшыць выдаткі на ягоны побыт у Рыме, і, што кардыналы, чальцы Кангрэгацыі, надта ўхвалялі гэтае рашэньне мітрапаліта, спадзеючыся, што праз прысутнасьць пракуратара ў Рыме зьяднаньне Русінаў з Апостальскім Пасадам змацуецца, а можа, яшчэ больш пашырыцца.
 
У згаданым вышэй лісьце йдзе гаворка пра Гротафэрацкі базыльянскі манастыр, заснаваны сьвятым Нілам. Папа Клімент VIII, у 1599 г., перадаў ім манастыр побач з царквой сьвятога Панцеляймона, непадалёк ад царквы сьвятога Пятра «in Vincoli». 3 надпісу над прастолам гэтае царквы вынікае, што яна ўжо існавала ў 1113 г. Паводле старажытнага паданьня, у царкве нейкі час спачывалі мошчы сьв. Панцеляймона, падчас іхняга перанясеньня з Нікадэміі.
 
Папа Урбан VIII, булай ад 17 сьнежня 1631 г., загадаў, каб гротафэрацкія базыльяне заснавалі сваю калегію ў Рыме; тады яны набылі царкву сьв. Яна «in Mercatello» й Папа зацьвердзіў гэты кантракт 17 жніўня 1634 г., яны туды перайшлі ў 1635 г. Потым яны ўладкаваліся ля царквы сьвятога Базыля ў квартале «Пінчана», дзе жывуць і сёння. А цэркаўку сьвятога Панцеляймона Папа Бенядзікт XIV, у 1748 г., даручыў Архібрацтву Ўсячыстай Дзевы Марыі «Добрай Парады». Пра гэта сьведчыць і цяперашні надпіс над уваходам у царкву.
 
Пасьля складаньня даверчых лістоў першы пракуратар Русінскай Царквы пачаў выконваць свае абавязкі: заплаціў, ад імя мітрапаліта, за двух выхаванцаў грэцкае калегіі; перадаў Папу Урбану VIII ліст мітрапаліта, каб пакараць тых лаціньнікаў, якія прадаюць цэрквы зьяднаных незьяднаным; асобным лістом, у канцы чэрвеня 1626 г., айцец Новак перадаў дзесяць пытаньняў сакратару Кангрэгацыі — Інголі, якія былі вырашаныя на сходах Кангрэгацыі 28 ліпеня 1626 г.
 
На тых жа сходах разгледжана просьба айца Новака — адпраўляць па-царкоўнаславянску сьвятую Літургію. Кангрэгацыя вырашыла праверыць, ці ва ўсім адпавядае царкоўнаславянскі перакпад Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага; і калі адпавядае, дык дазволіць айцу Новаку адпраўляць яе ў прыватнай капліцы. 13 жніўня 1626 г. Кангрэгацыя параўнала царкоўнаславянскі пераклад, зроблены Пятром Аркудзі, Марнавічам, айцом І.Тонкам, харватам і айцом Новакам, грэцкай Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага, і падчас гэтага паўсталі некаторыя цяжкасьці, а менавіта, што згаданая Літургія розьнілася з лацінскай у словах асьвячэньня агнца: «...гэта Цела Маё, што за вас ломіцца для адпушчэньня грахоў», і што пасьля асьвячэньня сьвятар зноў моліцца, каб хлеб стаў Целам Хрыста, і віно Крывёй, такімі словамі: «і зрабі хлеб гэты сьвятым Целам Хрыста Твайго. Амін. А тое, што ў гэтай чашы, сьвятой Крывёй Хрыста Твайго. Амін». 3 увагі на згаданыя цяжкасьці Кангрэгацыя вырашыла пераслаць справу ў Сьвяты Афіцыюм, каб яе праверылі тэолагі, а потым разгледзець на сходах Кангрэгацыі ў прысутнасьці Папы.
 
У архіве Пашырэньня Веры, у аддзеле «Розныя інструкцыі ў 1628-1638 гадох», ёсьць кароценькая інструкцыя айца Новака за 1626 г. адносна ўнійнай акцыі. У тым жа годзе перадалі Русінам царкву сьвятога Лаўрэна «ін Фонтэ». За гэты падарунак дзякаваў мітрапаліт Руцкі ў лістох да Папы Урбана VIII і да сакратара Кангрэгацыі Інголі 30 студзеня 1627. На сходах Кангрэгацыі 21 траўня 1627 г. разгледжана просьба Рафала Корсака, біскупа Галіцкага, аб дапамозе ў пабудове каля царквы сьвятога Лаўрэна «ін Фонтэ», падараванай зьяднаным Русінам, жытла для айца Новака, пракуратара зьяднаных Русінаў, і для двух альбо трох братоў, манахаў сьвятога Базыля. Папа даручыў узгадніць гэтую справу з візітатарамі Рыму.
 
Царква сьвятога Лаўрэна месьцілася паміж царквой сьвятога Пятра «in Vincoli» й царквой сьвятых Сяргея й Вакха. Раней, паводле паданьня, на гэтым месцы, дзе стаіць царква сьвятога Лаўрэна, быў дом сьвятога Іпаліта, рымскага ваяра, якому даручылі сьцерагчы сьвятога Лаўрэна-пакутніка. Той навярнуў Іпаліта й ахрысьціў яго вадой з крыніцы, якая забруіла ў турме, як толькі сьвяты Лаўрэн дакрануўся пальцам да зямлі. Гэтая «крыніца», ад якой займела назву царква, існуе й сёньня. Царква была адноўлена ў 1543 г., а потым зноўку ў XVII ст. Папай Урбанам VIII.
 
Перадача царквы сьвятога Лаўрэна ніколі не была канчатковай, і таму мітрапаліт Руцкі працягваў прасіць Кангрэгацыю аб прызначэньні Русінам іншае царквы. І ягоныя просьбы разглядаліся на сходах Кангрэгацыі 22 лістапада 1630 г., пад кіраўніцтвам Папы Урбана VIII, а таксама месяцам пазьней, 23 сьнежня ў тым жа годзе, і 7 траўня 1631 г. таксама ў прысутнасьці Папы.
 
Тым часам пракуратар айцец Новак працягваў сваю працу. У месяцы верасьні 1627 г. прапанаваў Кангрэгацыі 33 розныя справы нашай Царквы, а ў 1628 г. зноў прадстаўляў справы сваіх Уладыкаў. Акрамя таго, у тым жа годзе атрымаў яшчэ паўнамоцтвы пастулятара беатыфікацыі й кананізацыі сьвятога пакутніка Язафата, і за ягоным пастулятарствам адбылося ў Рыме два працэсы ў гэтай справе (6 лістапада 1629 г. і 5 сакавіка 1632 г.).
 
Айцец пракуратар падтрымліваў у Рыме ідэю мітрапаліта Руцкага наконт скліканьня агульнага Сіноду й братняга замірэньня з праваслаўнымі. У гэтай справе ён шмат разоў быў у Кангрэгацыі, заяўляючы, што праваслаўныя маюць цяжкасьці толькі наконт першынства Сусьветнага Архірэя, а адносна іншага, дык яны згодныя прыняць рашэньні Фларэнцкага Ўсяленскага Сабору 1439 году. Гэтую ідэю агульнага Сіноду падтрымліваў і сакратар Кангрэгацыі Ф.Інголі, хоць тры кардыналы й два іншыя ерархі не пагаджаліся. Аб гэтым Ф.Інголі напісаў асабліва доўгую ноту, датаваную 4 чэрвеня 1629 г.
 
Пасьля чатырох гадоў пракуратарства айца Новака ў мітрапаліта Руцкага ўзьніклі сумненьні, ці сумленна ён выконвае свае абавязкі. І пра гэта ён пісаў да Ф.Інголі 1 сьнежня 1630 г., кажучы, што «тут шмат людзей абвінавачвае айца Міколу Новака, што ён несур’ёзна выконвае даручаныя яму справы...», і таму просім паведаміць, ці можа айцец Новак надалей быць у Рыме, ці яго трэба зьмяніць.
 
У 1631 г. айцец Новак захварэў і перад 27 сакавіка зьвяртаўся да Кангрэгацыі з просьбай пра дапамогу, адзначаючы, што да гэтага часу ўтрымліваў яго мітрапапіт, а цяпер сувязь з ім перарвалася з-за павальнай пошасьці ў Польшчы й перашкоды ў Італіі. Але ўсё ж такі ён працягваў сваю працу, і яшчэ ў 1632 г. прадстаўляў Кангрэгацыі мітрапалітавы справы. Памёр ён нечакана ў студзені альбо ў лютым 1633 г., бо мітрапаліт Руцкі піша пра гэта да Кангрэгацыі Пашырэньня Веры ў лісьце ад 1 сакавіка 1633 г.
 
Пасьля сьмерці айца Новака 1 сакавіка 1633 г. мітрапаліт Руцкі пісаў да Ф.Інголі, што высылае да грэцкай калегіі ў Рыме двух айцоў, і што яны паведамяць пра ўсё, аднак не надаў ім паўнамоцтваў пракуратара, каб не адцягваць іх ад вучобы.
 
З кастрычніка-лістапада 1633 да кастрычніка 1635 абавязкі пракуратара выконваў каад’ютар мітрапаліта біскуп Рафал Корсак, якога мітрапаліт Руцкі ў лісьце да Папы Урбана VIII называе «нашым прамоўцам» ды «прадстаўніком і пракуратарам у справе беатыфікацыі пакутніка Язафата».
 
Перад прыездам біскупа Корсака сакратар Кангрэгацыі Пашырэньня Веры Ф.Інголі клапаціўся пра жытло для яго ў Рыме, і 15 кастрычніка 1633 г. Пётр Бэнэса, з Кастэль Гандольфа, пісаў да Кангрэгацыі Пашырэньня Веры, што Папа паведаміў яму, што біскуп Корсак будзе жыць каля «Царквы Сьвятога Духа», як будзе ў Рыме, а калі па-за Рымам, дык можа ў Гротафэраце альбо ў іншым зручным жытле. Праз два тыдні той самы П.Бэнэса пісаў да сакратара Кангрэгацыі Інголі, што Папа вырашыў знайсьці жыльлё для біскупа Корсака каля царквы «сьвятога Сільвестра альбо ў Сьвятога Апостала» й даць яму асобную брычку.
 
Перад ягоным ад’ездам у Рым мітрапаліт Руцкі ды іншыя пяць Уладыкаў Кіеўскай мітраполіі, у лісьце ад 13 сакавіка 1633 г., далі даручэньні біскупу Корсаку. Найперш, каб склаў ад іхняга імя паклон і послух Папу Урбану VIII і паведаміў, што пагоршыўся стан Русінскае Царквы ў сувязі з абраньнем новага караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV у 1632 г. Новы кароль вырашыў выканаць галоўныя патрабаваньні праваслаўных, перадусім упарадкаваць іхнюю ерархію й давёў да таго, што канстытуцыя 1635 г. паставіла ў Кіеве, побач з каталіцкім мітрапалітам Руцкім, таксама й праваслаўнага мітрапаліта Пятра Магілу.
 
У прыватнасьці, мітрапаліт Руцкі ды астатнія Ўладыкі (Уладзімірскі й Берасьцейскі; Полацкі, Віцебскі й Мсьціслаўскі; Смаленскі й Чарнігаўскі; Перамышльскі й Самборскі; Холмскі й Бельзскі) даручылі, каб ён прасіў Папу пра кананізацыю Слугі Божага Язафата й пра царкву ды пра жытло ў Рыме, як ужо было абяцана раней.
 
Мітрапаліт Руцкі ў лісьце ад 5.02.1635 г., з Варшавы, нагадваў біскупу Корсаку, каб прасіў Папу й кардынала Барбэрыні пра царкву ў Рыме, якая вельмі неабходна для Уніі. Сярод дакументаў за 1634 г. ёсьць просьба біскупа Корсака, у якой ён ад імя ўсяго народу прасіў Папу Урбана VIII даць якую-небудзь царкву ў Рыме, дзе можна адпраўляць сьвятую Літургію ў сваім абрадзе і каля якой было б жыльлё для Русінаў ды месца для пракуратара. 3 чэрвеня 1637 г. Кангрэгацыя Пашырэньня Веры разглядала розныя просьбы новага мітрапаліта Корсака, між іншым і справу царквы ды жыльля ў Рыме для Русінаў. Аднак толькі ў 1638 г. мітрапаліт Корсак даведаўся, што справа будзе вырашана прыхільна, як гэта відаць з ягонага ліста да Ф.Інголі (12.07.1638 г.) і з ліста да Папы.
 
Гэта сталася 12 траўня 1639 году. Кангрэгацыя Апостальскай Візытацыі ўладаю Папы, паводле ягонага загаду й даручэньня, «пастанавіла, вырашыла й загадала перадаць царкву сьвятых Сяргея й Вакха з прылеглым будынкам на заснаваньне там Калегіі Нацыі Русінаў...». Папа Урбан VIII зацьвердзіў 8 лютага 1641 г. загадзя падрыхтаваны дэкрэт, надаючы яму моц непарушнага апостальскага пацьверджаньня, каб усе непарушна яго зьберагалі. Вядома, што Папа Аляксандар VII, жадаючы забясьпечыць кіраўніцтва й разьвіцьцё «дому сьвятых Сяргея й Вакха Русінскай Нацыі», падпарадкаваў яго 12.06.1660 г. Кангрэгацыі Пашырэньня Веры. А ў 1667 годзе Папа Клімент IX, даючы 23 кастрычніка 1667 г. поўны водпуст тым, хто будзе наведваць царкву сьвятых Сяргея й Вакха, выразна адзначае: «царкву сьвятых Сяргея й Вакха Русінскай Нацыі, а не манахаў». Таксама Папа Леў XIII, ствараючы 18 сьнежня 1897 года «Русінскую Калегію», пісаў: «...Мы зьвярнулі ўвагу на царкву сьвятых Сяргея й Вакха з прылеглымі будынкамі, якія ўжо Урбан VIII ласкава падараваў Русінам».
 
Навучэнцы, якія вучыліся ў Рыме ў ХVІІ-ХVІІІ стст., былі пераважна базыльянамі, але са згаданых папскіх дакументаў ясна, што царква сьвятых Сяргея й Вакха ды прылеглыя будынкі былі падараваныя «Русінскай Нацыі». Хоць кардынал А.Барбэрыні (брат Папы Урбана VIII) павялічыў фундацыю для «Русінаў» домам для базыльянаў, які пабудаваў на выкупленай прылеглай пляцоўцы, аднак нічога не зьмяніў у першапачатковым прызначэньні ўласнасьці: таксама трэба мець на ўвазе, што ў той час базыльяне распараджаліся царквой і інтэрнатам, а іхны генеральны пракуратар рэпрэзентаваў цэлую Русінскую Нацыю, а ня толькі іхні Закон, і базыльяне тады яшчэ не былі «экзэмптамі» (выведзенымі з-пад улады мітрапаліта — рэд.).
 
Таксама й дакумент Папы Бенядзікта XIV «Inter plures» ад 11 траўня 1744 г., спасылаючыся на ліст Папы Урбана VIII ад 8 лютага 1641 г., нічога не зьмяніў наконт першапачатковага падараваньня. Папа абмежаваўся пацьверджаньнем папярэдніх фундацыяў, але забясьпечыў генеральнаму пракуратару базыльянаў кіраўніцтва маёмасьцю й царквой. Аўтары-базыльяне ў сваіх публікацыях цяпер маюць іншую думку. Хаця пракуратары айцец Ёзаф дэ Каміліс (потым біскуп Закарпацьця) і айцец Ярдан Міцкевіч пісалі йнакш. Першы ў лісьце ад 1679 г. пісаў, што няма лепшага выйсьця, каб дапамагчы Уніі, як заснаваньне семінарыі пры царкве сьвятых Сяргея й Вакха: «Гэтае месца узяў ад Айцоў сьвятога Францішка з Паолі Урбан VIII і даў Русінам дзеля заснаваньня семінарыі, як гэта відаць з булы. Сьмерць кардынала сьвятога Анупрэя (А.Барбэрыні), што займаўся гэтай пабожнай справай, адклала выкананьне».
 
Генеральны пракуратар і рэктар царквы й інтэрнату «Жыровіцкай Божай Маці» («Madonna del Pascolo») айцец Ярдан Міцкевіч (1789-1829) у лісьце да сакратара Кангрэгацыі Пашырэньня Веры — Пэдэчыні — 2 траўня 1822 г. пісаў так: «Царква з інтэрнатам сьвятых Сяргея й Вакха, званая звычайна ў Рыме «Madonna del Pascolo», была падаравана папай Урбанам VIII Польска-Русінскай нацыі, каб заснаваць калегію Русінскай нацыі й г.д., і з таго часу й да сёньня без ніякае зьмены згаданая нацыя, праз сваіх Базыльянаў, ёю распараджалася. І ў гэтым стагоддзі, калі адна чужая камісія прэтэндавала заняць згаданае пабожнае месца, дык Папа Пій VII выразна пацьвердзіў рэктару, што ніжэй падпісаўся, даўнюю адміністрацыю...» Адсюль зразумела, што Айцы Базыльяне былі толькі адміністратарамі пад наглядам Кангрэгацыі Пашырэньня Веры.
 
Справа ўласнасці царквы Сьвятых Сяргея й Вакха ды прылеглых будынкаў узьнікла праз некалькі гадоў пасьля таго, як італійцы занялі Рым (20.09.1870). Лістамі ад 11.05 і ад 21.05.1875 г. Ліквідацыйная Рада запатрабавала ад айца пракуратара М.Дуброўскага падаць дакументы, якія даказвалі б, што царква сьвятых Сяргея й Вакха не падпадае пад закон ад 19.06.1873, якім італійскі ўрад забіраў ва ўласнасьць царкоўную маёмасьць Папскае Дзяржавы.
 
Праз паўтара месяцы старшыня згаданай Рады паведаміў айцу Дуброўскаму, што на сходзе 17 чэрвеня 1875 г., пасьля дакладнае праверкі 13 дакументаў, між імі й ліста (Брэвэ) Папы Урбана VIII (ад 8.02.1641 г.), вырашана, што інтэрнат сьвятых Сяргея й Вакха — гэта не манастыр, але калегія альбо семінарыя, заснаваная для Русінскага народу й адміністраваная Кангрэгацыяй Пашырэньня Веры.
 
Для нас галоўным ёсьць папскі ліст Урбана VIII у гэтай справе ад 8 лютага 1641 года, бо на яго спасылаюцца пазьнейшыя дакументы аж да нашых часоў.
 
Працяг гл. тут.
 
1 Русінскае — пераклад лацінскага слова «Ruthenus».
 
(З працы Івана Хомы «Нарис історії храму Жировицької Богоматері і свв. мучеників Сергія і Вакха в Риме»)
 
Пераклад з украінскае мовы Ўладзіміра Губскага (Полацак)
 
«Царква», № 2(25), 2000, с. 12-13.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"