Папа наменаваў Першаярарха УГКЦ членам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Як паведаміла Ватыканская інфармацыйная служба VIS, 22 чэрвеня 2011 году Папа Бенядыкт XVI прызначыў Яго Сьвятасьць Сьвятаслава Шаўчука, Вярхоўнага Архібіскупа Кіева-
Галіцкага, Зьверхніка і Айца Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, членам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Сьвятаслаў ШаўчукКангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў – гэта ведамства Рымскай курыі, створанае для таго, каб спрыяць разьвіцьцю Цэркваў візантыйскага, сірыйскага, армянскага, халдэйскагай і копцкага абрадаў, якія знаходзяцца ў еднасьці з Апостальскай Сталіцай, а таксама забясьпечваць захаванасьць літургічнай, духоўнай і дысцыплінарнай спадчыны гэтых Цэркваў. У дачыненьні да япархіяў, ярархаў, духавенства, кліру і вернікаў усходняга абраду яна выконвае
такія самыя задачы, якія для вернікаў лацінскага абраду выконваюць адпаведныя Кангрэгацыі. Акрамя таго, у асобных рэгіёнах (напрыклад, на Блізкім Усходзе) яна мае эксклюзіўную юрысдыкцыю, дзе ёй падлягаюць таксама вернікі лацінскага абраду. Кангрэгацыя складаецца з Прэфекта (кардынала), які кіруе ёй з дапамогаю Сакратара, а таксама з кардыналаў, архібіскупаў і біскупаў, прызначаных Папам. Ад 2007 году Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў ўзначальвае кардынал Леанарда Сандры, а ў 2009 годзе Сакратаром прызначаны архібіскуп Цырыл Васіль, SJ. З прыроды самога права членамі Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў зьяўляюцца Патрыярхі і Вярхоўныя Архібіскупы Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў, а таксама Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў.
span> Асаблівую ўвагу Кангрэгацыя надае разьвіцьцю экуменічнага дыялогу. У склад Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў уваходзяць сьпецыяльная камісія па літургіі, сьпецыяльная камісія па вывучэньні хрысьціянскага Ўсходу, сьпецыяльная камісія па падрыхтоўцы духавенства і манаства, каталіцкая асацыяцыя дапамогі Блізкаму Ўсходу, Папская місія для Палестыны і іншыя.
Ад пачатку адраджэньня ў Беларусі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы кіраваньне ёй ажыцьцяўляецца ад імя
Апостальскай Сталіцы праз Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў і Апостальскага Візітатара.
Згодна з апошнім распараджэньнем Апостальскай Сталіцы ад 4 студзеня 2006 году да кампетэнцыі Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў належаць усе царкоўныя юрысдыкцыі ўсходняга абраду, што існуюць у Еўропе, за выключэньнем некаторых краінаў на Ўсходзе Еўропы, сярод якіх і Беларусь.
У гэтым дакуменце сказана, што “Дзяржаўны Сакратарыят – Секцыя па адносінах з дзяржавамі, працягвае пакуль і да далейшых распараджэньняў (donec aliter provideatur) захоўваць кампетэнцыю адносна заснаваньня, утрыманьня і зьменаў партыкулярных Цэркваў, як лацінскага абраду, так і ўсходняга абраду, у наступных еўрапейскіх краінах былога Савецкага Саюза: Расея, Беларусь, Украіна, Арменія, Азербайджан, Грузія, Малдова, акрамя краінаў былога Савецкага Саюза, якія знаходзяцца ў Азіі (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узьбекістан). Гэтае самае зарэзервавана і ўстаноўлена да далейшых распараджэньняў для ўсіх царкоўных юрысдыкцыяў як лацінскага абраду, так і ўсходняга абраду, што існуюць на Балканах”. Пры гэтым Дзяржаўны Сакратарыят – Секцыя па адносінах з дзяржавамі, павінен клапаціцца аб тым, каб дзейнічаць узгоднена з Кангрэгацыяй Усходніх Цэркваў, як і яна таксама, у пытаньнях, якія датычаць згаданых юрысдыкцыяў.