Друк

13.08.2011

Беларускія вернікі выехалі ў пілігрымку на Сусьветны Дзень моладзі ў Мадрыд

Каля паўтысячы юнакоў і дзяўчын з усёй Беларусі прымуць удзел у XXVI Сусьветным Дні моладзі, які пройдзе ў Мадрыдзе з 16 па 21 жніўня 2011 году. Чакаецца, што ў Гішпанію прыедзе больш за 1 млн. маладых людзей з 196 краінаў сьвету, каля 30 тысячаў будуць працаваць валанцёрамі падчас сустрэчы.

На міжнародную сустрэчу моладзі ў Мадрыд адправіліся таксама і некалькі дзясяткаў маладых вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яны ўваходзяць у склад дзьвюх групаў, якія былі сфармаваныя ў Менску і ў Берасьці з католікаў як візантыйскага, так і лацінскага абрадаў. Перад паездкай сваё блаславеньне ўсім маладым вернікам БГКЦ, якія адправіліся на сустрэчу ў Мадрыд, перадаў Апостальскі Візітатар беларускіх грэка-католікаў архім. Сяргей (Гаек). Душпастырамі беларускай грэка-каталіцкай моладзі ў часе падарожжа ў Мадрыд на Сусьветны Дзень моладзі будуць сьвятары а. Андрэй Буйніч і а. Ігар Кандрацьеў.
 
Беларуская дэлегацыя маладых католікаў адправілася ў Мадрыд 11 жніўня. Нягледзячы на тое, што гэты сусьветны форум моладзі ладзіцца Каталіцкай Царквой, на яго запрошаны ўсе маладыя людзі, якія прагнуць і шукаюць Бога. Так, з Беларусі разам з католікамі едуць і праваслаўныя. Пілігрымка прадоўжыцца да 26-га жніўня. Непасрэдна ў Мадрыдзе ўдзельнікі сустрэчы прабудуць каля тыдня. Прыём і разьмяшчэньне пілігрымаў на час Сусьветнага Дня моладзі забясьпечваюць каталіцкія парафіі ў Мадрыдзе.

Афіцыйнае адкрыцьцё Дня моладзі адбудзецца 16 жніўня. А да гэтага, з 11 па 15 жніўня, у розных парафіях Гішпаніі абудуцца Дні япархіяў, падчас якіх моладзь з усяго сьвету зможа бліжэй пазнаёміцца з хрысьціянскімі традыцыямі гэтай краіны, якая дала сьвету такіх знакамітых сьвятых, як сьвяты Дамінік, заснавальнік Ордэну прапаведнікаў, Ісідар Севільскі, Ігнат Лаёла, заснавальнік Таварыства Ісуса, вялікія містыкі Кармелю Ян ад Крыжа і Тэрэза Авільская, Ян Божы, Хасэ Марыя Эскрыва дэ Балагер, заснавальнік “Opus Dei” (“Божая справа”) і інш.

Плануецца, што ў Мадрыд прыбудуць каля 800 біскупаў з усяго сьвету (у тым ліку беларускі рыма-каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч), а таксама каля 14 тысячаў сьвятароў. Асьвятляць у мас-медыях гэтую падзею будуць больш за 4800 журналістаў.

 
У Мадрыдзе моладзь чакае багатая і насычаная праграма, якую падрыхтавалі як мясцовыя іспанскія католікі, так і розныя царкоўныя рухі і супольнасьці з усяго сьвету. Праграма прадугледжвае розныя набажэнствы, катэхезы, евангелізацыйныя сустрэчы, малітвы праслаўленьня, канцэрты з сьпевамі і танцамі, выставы, экскурсіі ў музеі, сьпектаклі, вулічныя евангелізацыйныя акцыі і многае іншае.
 
Цэнтральнай падзеяй стане начное чуваньне моладзі, сустрэча і малітва з Папам Бенядыктам XVI у нядзелю. Разам з амаль тысячай біскупаў і мноствам сьвятароў з усяго сьвету Сьвяты Айцец 21 жніўня адслужыць сьв. Літургію для моладзі на пляцы ў аэрапорце Cuatro Vientos.
 
У гэтыя дні моладзь будзе мець магчымасьць сустрэцца з рознымі цікавымі постацямі Царквы, сьвецкімі і духоўнымі, паслухаць навучаньне выдатных місіянераў і прапаведнікаў, такіх як папскі прапаведнік а. Раньера Канталамеса, OFMCap, аўстрыйскі кардынал з Вены Хрыстаф Шонбарн, французскі кардынал з Ліёну Філіп Барбарэн, а. Эрык Жакэ – новы дырэктар моладзевай секцыі Папскай Рады па справах сьвецкіх, які мае вялікі досьвед працы з моладдзю ў Супольнасьці "Эмануэль", а. Даніэль Анжы – заснавальнік першай французскай каталіцкай школы евангелізацыі і малітвы "Jeunesse Lumiere" ("Сьвятло моладзі") і інш.
 
Падчас XXVI Сусьветнага дня моладзі ў Мадрыдзе прадугледжаны штодзённыя катэхезы. Для беларускіх удзельнікаў іх будзе праводзіць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
 
У тых, хто ня змог па розных прычынах патрапіць на Сусьветны Дзень моладзі, будзе магчымасьць сачыць за падзеямі сустрэчы ў Мадрыдзе дзякуючы онлайн-трансьляцыі. Зрабіць своеасаблівую віртуальную пілігрымку ў Мадрыд можна будзе праз сацыяльную сетку Facebook (http://www.facebook.com/pages/Virtual-World-Youth-Day/155152027881863) ці завітаўшы на сайт www.virtualworldyouthday.org.Там будуць загружацца відэаролікі і фатаграфіі з сустрэчы ў Мадрыдзе, у тым ліку і самымі маладымі ўдзельнікамі. На карце паступова будуць зьяўляцца фотаздымкі ўдзельнікаў СДМ і розных месцаў Мадрыда. Самі ж удзельнікі сустрэчы змогуць таксама дасылаць навіны для разьмяшчэння іх на гэтай інтэрнэт-старонцы.
 
Сусьветныя Дні моладзі Каталіцкая Царква ладзіць раз на два гады ў розных кутках сьвету. Сустрэча ў Мадрыдзе – 26-ая. Папярэдняя сустрэча моладзі праходзіла ў Сіднэі ў Аўстраліі. Вядома ўжо, што наступны форум моладзі адбудзецца ў 2013 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія).

 

 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"