Друк

31.01.2012

 

Ватыкан лічыць, што дыялог з пяцідзясятнікамі магчымы
 
Экуменічны дыялог крочыць наперад таксама і ў дачыненьнях з пяцідзясятнікамі, хоць многія да гэтага часу маюць сумневы што да яго сутнасьці, — кажа а. Хуан Фернанда Ўсма Гомес з Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў. У ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” ён апісвае цяперашні стан двухбаковых адносін у сувязі з Тыднем экуменічных малітваў, які адбыўся 18-25 студзеня.
  
Для сучаснай Царквы гэтыя стасункі зьяўляюцца вялікім выклікам, таму што пяцідзяесятнікі сёньня — гэта найбольш дынамічная галіна пратэстантызму. Разам з тым ва ўзаемаадносінах хапае непаразуменьняў і супярэчнасьцяў, але ў іх пераадоленьні дапамагае справіцца распачаты 40 гадоў таму афіцыйны багаслоўскі дыялог.
 
Як сьцьвярджае ватыканскі багаслоў а. Гомес, пачыналася ўсё з тлумачэньня уласнай ідэнтычнасьці і ўдакладненьня ўжыванай тэрміналогіі. Затым прыйшоў час на спрэчныя пытаньні, зьвязаныя з разуменьнем Царквы і супольнасьці. У 1990-х гадах багасловы разважалі пра місію ў персьпектыве еднасьці хрысьціянаў. Затым была зьвернута ўвага на агульную біблійную і патрыстычную спадчыну. У цяперашні час дыялог датычыцца дароў. Падчас найбліжэйшай сэсіі, якая адбудзецца ў чэрвені 2012 году, будзе ўзьнятае пытаньне распазнаваньня дароў Сьвятога Духа.
 
Як адзначыў супрацоўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, адчувальным вынікам дыялогу зьяўляюцца ня толькі выпрацаваныя з гэтай нагоды дакументы, але і, перш за ўсё, растапленьне ільдоў і адкрыцьцё гарызонтаў для будучых сумесных ініцыятываў, асабліва на мясцовым узроўні. Айцец Фернанада Ўсма Гомес лічыць, што ў стасунках паміж каталікамі і пяцідзясятнікамі трэба распачаць новы этап, каб вылечыць узаемныя раны і заваяваць давер адзін да аднаго. Менавіта аб гэтым клапаціліся ў апошняе дзесяцігоддзе. Дзякуючы гэтаму часьцей пачалі адбывацца сумесныя сустрэчы і малітвы. Разам з гэтым аслабляецца ўзаемныа недавер і варожасьць, — з задавальненьнем адзначае супрацоўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў.
 
Паводле Radio Watykańskie

 

 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"