Друк

15.05.2012

Архібіскуп Кірыла (Васіль): на беларускай зямлі сустракаецца Ўсход і Захад
 
“Значэньне традыцыі хрысьціянскага Ўсходу для Паўсюднай Царквы” — над такой тэмай прапанаваў паразважаць прысутным у канферэнц-зале менскага Чырвонага касьцёлу архібіскуп Цырыл Васіль, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Ватыканскі ярарх знаходзіўся ў нашай краіне з 7 па 10 траўня 2012 году па запрашэньні Міністэрства замежных справаў.
  
Лекцыя стала нагодай, каб распавесьці, найперш для католікаў лацінскага абраду, пра ўсходніх хрысьціянаў і традыцыі хрысьціянскага Ўсходу, адзначае беларускі каталіцкі партал Catholic.by. Паслухаць публічную лекцыю ватыканскага ярарха сабраліся сьвятары, манахі і манахіні, а такаксама семінарысты і вернікі як лацінскага, так і візантыйскага абраду.
 
“Людзі павінны ведаць, што апрача лацінскага абраду ў Каталіцкай Царкве ёсьць і іншыя, — сказаў Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці. — Няма католікаў лепшых ці горшых: незалежна ад іх колькасьці, яны маюць адну і тую ж годнасьць”. “Каталіцкая Царква жыве ў мясцовых Цэрквах і праз іх”, — адзначыў архібіскуп Цырыл Васіль.
 
На сёньняшні час у Каталіцкай Царкве налічваецца 22 Усходнія Царквы.
 
Catholic.by адзначае словы Ўладыкі Кірылы пра тое, што кожны католік павінен ведаць таксама і пра абраднасьць тых католікаў, якія пражываюць разам з ім у адной краіне, каб адчуваць сябе сапраўднымі братамі ў веры. Разам з тым, абрад — гэта толькі адзін са знакаў Царквы: “Абрад — толькі форма перажываньня нашай веры. Але неабходна памятаць, што Хрыстос хацеў, каб мы былі ў Царкве, заснаванай на Пятры”, — падкрэсьліў ватыканскі ярарх.
 
Зразумела, што ўзьнікненьне Ўсходніх Цэркваў — гэта вынік іх адасобленага жыцьця і падзелаў, аднак, як заўважыў архібікуп Цырыл Васіль, “пасьля падзелаў адразу ўзьнікае ідэя еднасьці”. Так Берасьцейская унія стала ў свой час спосабам для аднаўленьня еднасьці і ўзаемапаразуменьня.
 
“Вы жывеце ў краіне, якая належыць хрысьціянскаму Ўсходу. На вашай зямлі сустракаецца Ўсход і Захад. І гэтыя сустрэчы не заўсёды былі лёгкімі. Але мы ня можам зьмяніць гісторыю, мы можам толькі паўплываць на нашую сучаснасьць і ствараць нашую будучыню”, — падкрэсьліў прадстаўнік ватыканскага ведамства і дадаў, што, калі хочам разьвіваць адносіны з Праваслаўнай Царквой, павінны сьведчыць пра каштоўнасьць Усходніх Цэркваў.

Па выніках свайго візіту ў Беларусь архібіскуп Кірыла (Васіль) адзначыў, што Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі крочыць наперад у адносінах духоўнага жыцьця, але яшчэ “бедная і слабая” ў адносінах зьнешняй структуры. Як падкрэсьліў ватыканскі ярарх, там, дзе ёсьць Царква, патрэбны і яе бачныя структуры. Таму пытаньне стварэньня ерархічных структураў у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве будзе абмяркоўвацца ў Дзяржсакратарыяце Апостальскай Сталіцы, у Папскай Радзе па спрыяньні хрысьціянскай еднасьці, а таксама з каталіцкімі ярархамі Беларусі і Апостальскім нунцыем.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"