Друк

01.06.2012

Пад Тайшэтам ушанавалі памяць айцоў Цікоты і Станкевіча

22-23 траўня 2012 году на былых лагерных могілках у Сібіры, дзе знайшлі свой апошні прытулак выдатныя беларускія каталіцкія сьвятары Андрэй Цікота і Адам Станкевіч, паўсталі памятныя крыжы. Як паведаміла Радыё Свабода, у абедзьвюх акцыях узялі ўдзел беларускі гісторык, доктар Юры Гарбінскі і беларускі каталіцкі сьвятар, манах-марыянін Вячаслаў Пялінак, віцэ-пастулятар беатыфікацыйных працэсаў архімандрытаў з Ордэну Марыянаў Андрэя Цікоты і Фабіяна Абрантовіча, якія служылі ва ўсходнім абрадзе.
  
Доктар Юры Гарбінскі знаходзіўся ў Іркуцкай вобласьці ад 10 траўня 2012 году і высьвятляў акалічнасьці і месца сьмерці гэтых знакамітых постацяў беларускай гісторыі.

Ад 19 траўня да пошукаў пад Тайшэтам гісторыка Юрыя Гарбінскага далучыўся беларускі манах-марыянін а. Вячаслаў Пялінак. Ён асьвяціў памятныя крыжы і адслужыў першыя памінальныя службы на месцах пахаваньняў архімандрыта Андрэя Цікоты і ксяндза Адама Станкевіча.
 
22 траўня 2012 году на былых лагерных могілках каля пасёлку Навачунка, на 116-м кіламетры ад Тайшэту, дзе пахаваны вядомы беларускі рэлігійны і грамадзка-культурны дзеяч, грэка-каталіцкі манах-марыянін, архімандрыт Андрэй Цікота, быў пастаўлены памятны крыж і адслужаная памінальная імша. А 23 траўня такія самыя ўрачыстасьці адбыліся на былых лагерных могілках у ваколіцах вёскі Шаўчэнка каля чыгуначнай станцыі Тапарок на 50-м кіламетры ад Тайшэту, дзе знайшоў вечны спачынак адзін з патрыярхаў беларускага хрысьціянскага руху першай паловы ХХ стагоддзя, рэлігійны, палітычны і грамадзка-культурны дзеяч ксёндз Адам Станкевіч.
 
У акцыях ушанаваньня беларускіх мучанікаў — вязьняў савецкага ГУЛАГу прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай грамадзкасьці, вучнёўская моладзь, прадстаўнікі адміністрацыі з паселішчаў Навачунка і Квіток Тайшэцкага раёну.
 

/images/2012/BE9064A4-A920-4B53-9F78-4699BCFDD71B_w640_s.jpg
Крыж на магіле архімандрыта Андрэя Цікоты пад Тайшэтам.

 

 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"