Друк
23.01.2013
У Вужгарадзе высьвячаны біскуп-памочнік Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі
 
12 студзеня 2013 году ў вужгарадзкім грэка-каталіцкім Крыжаўзвышэнскім катэдральным саборы адбылася біскупская хіратонія а. Ніла Лушчака, дапаможнага біскупа Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі. Гэта былі першыя біскупскія сьвячаньні ўраджэнца Закарпацьця пасьля выхаду Грэка-Каталіцкай Царквы з падпольля, паведамляе ўкраінская служба Радыё Ватыкану.
 
Хіратонію а. Ніла Лушчака з Чыну Братоў Меншых (францішкане), якому сёлета спаўняецца 40 гадоў, узначальваў Уладыка Мілан Шашык, СМ, япарх Мукачаўскі. Разам з ім біскупскія сьвячаньні ўдзялялі архібіскуп Цырыл Васіль, ТІ, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, і Ўладыка Ўільям Скурла, Мітрапаліт Пітсбургскі (ЗША).
 
Разьдзяліць радасьць мясцовай царкоўнай супольнасьці прыбылі Апостальскі нунцый ва Ўкраіне архібіскуп Томас Галіксан, Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук, каталіцкія біскупы візантыйскага ды лацінскага абраду з розных куткоў Украіны і з суседніх краінаў, а таксама з тых Цэркваў, для якіх Мукачаўская япархія зьяўляецца мацярынскаю. Ва ўрачыстым набажэнстве прынялі ўдзел 26 біскупаў (з Украіны, Славакіі, Румыніі, Венгрыі, Сербіі, ЗША, Італіі), шматлікае духавенства, манахі і вернікі. Былі прысутныя прадстаўнікі мясцовай улады і дыпламатычнага корпусу, якія зьдзяйсьняюць сваё служэньне ў Вужгарадзе.
 
Падчас Боскай Літургіі, якая правілася па-царкоўнаславянску, гучалі малітвы і калядкі на ўкраінскай, вянгерскай і румынскай мовах, якімі карыстаюцца сёньня сьвятары і вернікі Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі.
 
Казаньне прамовіў Уладыка Кірыла (Васіль), Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Распавядаючы пра абавязкі і асаблівасьці служэньня біскупа, ён нагадаў прыклад сьвятога Францішка, духоўным сынам якога зьяўляецца новавысьвячаны  біскуп Мукачаўскі Ніл Лушчак. Першы з гэтых абавязкаў, як рабіў гэта сьв. Францішак — “указваць на Хрыста, даносіць Яго слова да людзей, навяртаць людзей да Хрыста і ў той жа час у малітве да Яго быць прадстаўніком усіх людзей, у рэшце — быць “alter Christus” у поўні сьвятарства”. Ватыканскі ярарах адзначыў, што, увайшоўшы ў кола калегіі біскупаў і паставіўшы ў цэнтры Хрыста, Уладыка Ніл пакліканы выконваць сваё служэньня як галоўны і самы блізкі супрацоўнік епархіяльнага біскупа, будучы прыкладам для сьвятароў і сьвецкіх вернікаў, “як сын закарпацкай зямлі і Мукачаўскай япархіі — грэка-каталіцкай Царквы свайго права”, каб у сваёй асобе сьведчыць яе царкоўную асаблівасьць і яе годнасьць.
 
Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук ад імя Сіноду біскупаў гэтай Царквы запрасіў Уладыку Ніла Лушчака да супрацоўніцтва і задэкляраваў гатоўнасьць захоўваць еднасьць паміж усімі глыбока духоўна спараднёнымі грэка-каталіцкімі япархіямі ва Ўкраіне. На малітоўную памяць пра гэты дзень ён падараваў Уладыку Нілу ікону вялікамучаніка Юрыя Пераможцы.
 
Апостальскі нунцый ва Ўкраіне архібіскуп Томас Галіксан, жадаючы Ўладыку Нілу посьпеху ў служэньні і блаславеньня з нябёсаў, адзначыў: “Хачу выказаць маю просьбу і маё пажаданьне мансіньёру Нілу, каб яго прысутнасьць як біскупа для гэтай памеснай Царквы нібы сьвятло на сьвечніку, які асьвятляе ўвесь дом, служыла ўмацаваньню каталіцкай тоеснасьці і сьведчаньню надзеі, веры і любові ў япархіі і перад нашым сьветам, які так моцна патрабуе Хрыста”.
 
Ад імя закарпацкага духавенства свайго новага біскупа прывітаў протасінкел Мукачаўскай япархіі, мітрафорны протаярэй Тарас Лоўска. Ўладыка Ніл Лушчак склаў шчырую падзяку субратам у біскупстве, супольнасьці францішканаў і ўсяму духавенству і вернікам за малітву ды цудоўнае сьведчаньне саборнасьці, каталіцкасьці Царквы.
 
Затым адбыўся ўрачысты прыём гасьцей у біскупскіх палатах Мукачаўскай япархіі, частку якіх нядаўна мясцовая адміністрацыя вярнула грэка-католікам.
 
Рымскі Архірэй Бенядыкт XVI прызначыў францішканіна а. Ніла Лушчака дапаможным біскупам Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі 19 лістапада 2012 году. Уладыка Ніл (Юры Лушчак) нарадзіўся ў Вужгарадзе 22 траўня 1973 году. Духоўную фармацыю атрымаў у мясцовай грэка-каталіцкай семінарыі. 2 ліпеня 1996 году быў высьвячаны на сьвятара, пасьля чаго нёс душпастырыскае служэньне ў розных парафіях Мукачаўскай япархіі. Пазьней навучаўся ў Папскім Урбаніянскім універсітэце, дзе атрымаў ступень ліцэнціяту ў філасофіі. Затым распачаў навіцыят у Чыне Братоў Меншых, дзе прыняў манаскае імя Ніл і ў 2010 годзе склаў часовыя зарокі. З гэтага ж году пачаў выкладаць філасофію ў Вужгарадзкай грэка-каталіцкай багаслоўскай акадэміі імя Блаславёнага Тэадора Ромжы.
 
Нагадаем, Мукачаўская грэка-каталіцкая япархія, якая вярнулася да еднасьці з Каталіцкай Царквой у выніку Вужгарадзкай Уніі ў 1646 годзе, сёньня аб’ядноўвае грэка-каталіцкія парафіі на тэрыторыі сучаснай Закарпацкай вобласьці Ўкраіны і, як і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, наўпрост падпарадкавана Апостальскаму Пасаду ў Рыме. З 1780 году рэзідэнцыя Мукачаўскага біскупа перанесена ў Вужгарад. У свой час з Мукачаўскай япархіі былі вылучаны наступныя грэка-каталіцкія япархіі: Крыжавацкая япархія ў Харватыі, Прэшаўская — у Славакіі, дзе ня так даўно была створана мітраполія, і Гайдудорагская — у Венгрыі. Таксама выхадцы з Мукачаўскай япархіі, якія пасяліліся ў ЗША, маюць сваю мітраполію візантыйскага абраду з цэнтрам у Пітсбургу.
 
Фота з сайту Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі.
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"