Друк
31.03.2013
Патрыярх Канстанцінопальскі: еднасьць становіцца ўсё больш магчымай
 
«Ёсьць канкрэтная надзея на зьяднаньне Царквы Ўсходу і Захаду», — сьцьвярджае Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I. Паводле словаў праваслаўнага ярарха, «будучыя пакаленьні ўбачаць зьяднаную Царкву», што пакладзе канец трагічнаму падзелу 1054 году. Пра гэта Канстанцінопальскі патрыярх гаварыў у сваім выступе ва ўніверсітэце Кадыр Гас у Стамбуле, паведамяле Ватыканскае радыё.
 
Вярнуўшыся з Рымскай Апостальскай Сталіцы, дзе ён прысутнічаў на інаўгурацыі новага Папы Рымскага, Патрыярх Барталамей I у сваім выступе ва ўніверсітэце падкрэсьліў вялікую экуменічную адкрытасьць і зацікаўленасьць Папы Францішка. Трэба адзначыць, што Канстанцінопальскі патрыярх 19 сакавіка 2013 году наогул упершыню пасьля падзелу Царквы ў 1054 годзе прысутнічаў на інаўгурацыі Рымскага Архірэя. Зьверхнік праваслаўнай Царквы прызнаўся, што быў вельмі ўражаны тым, што адразу пасьля яго прыбыцьця ў Рым Сьвяты Айцец Францішак запрасіў яго на вячэру з кардыналамі і папрасіў блаславіць ежу. «Мы размаўлялі ня толькі пра збліжэньне Царквы Ўсходу і Захаду, але і аб праблемах, зьвязаных з беднасьцю і аховай сьвету», — дадаў Патрыярх. Новы папа, на думку Барталамея I, «адрозьніваецца ад сваіх папярэднікаў і мае шанец рэфармаваць Ватыкан».
 
Патрыярх Барталамей I сказаў, што аднаўленьне еднасьці ў Царкве, пэўна, не адбудзецца ўжо пры яго жыцьці, бо мае 73 гады, але падкрэсьліў, што еднасьць становіцца ўсё больш магчымай.
 
Нагадаем, Патрыярх Канстанцінопальскі прысутнічаў на інаўгурацыі Біскупа Рыму 19 сакавіка 2013 году, а 20 сакавіка ў Ватыкане адбылася сустрэча Папы Францішка і Барталамея I. Гутарка Папы Францішка і Патрыярха Барталамея, як адзначае Радыё Ватыкан, праходзіла ў сардэчнай абстаноўцы. Яны выказалі жаданьне супрацоўніцтва ў сферы дабрачыннасьці і экалогіі, выказаліся за паглыбленьне тэалагічнага дыялогу. У сваім звароце да Патрыярха Барталамея Папа назваў яго сваім «братам Андрэем», падкрэсьліваючы крэўную сувязь паміж двума роднымі братамі-апосталамі, заступнікамі двух Цэркваў на Ўсходзе і Захадзе: Андрэем — «першапакліканым» і Пятром — «першым сярод апосталаў».
 
Патрыярх Барталамей I падкрэсьліў, што сярод галоўных задачаў, якія стаяць перад новым Папам — «еднасьць хрысьціянскіх Цэркваў». Гэта, на яго думку, «першая і найважнейшая з нашых праблемаў», якую трэба вырашыць, каб «нашае хрысьціянскае сьведчаньне заслугоўвала давер блізкіх і тых, хто далёка».Паводле словаў Патрыярха, у кантэксьце эканамічнага крызісу хрысьціяне павінны несьці сьведчаньне праз «царкоўную еднасьць», каб супрацьстаяць «сьвецкім тэндэнцыям», якія абмяжоўваюць жыцьцё толькі да зямных рэаліяў.
 
На сустрэчы першаярархаў у Ватыкане было вырашана, што Папа і Патрыярх у студзені 2014 году зробяць пілігрымку ў Сьвятую Зямлю і сустрэнуцца ў Ерусаліме, падчас сьвятаў Нараджэньня Хрыстовага паводле юльянскага календара, у 50-ыя ўгодкі гістарычнага спатканьня Папы Паўла VI і Патрыярха Атэнагора, вынікам якога стала зьняцьце ўзаемных экскамунік, накладзеных падчас вялікай схізмы ў 1054 годзе. Сустрэча зьверхнікаў каталіцкай і праваслаўнай Цэркваў у 1964 годзе стала тады першай пасьля расколу, а ў 1980 годзе быў распачаты тэалагічны дыялог паміж католікамі і праваслаўнымі, які працягваецца да гэтага часу.
 
Рымскі Архірэй прыняў таксама запрашэньне праваслаўнага першаярарха наведаць патрыяршую рэзідэнцыю ў стамбульскім квартале Фанар. Акрамя таго, новаабраны Папа пагадзіўся прыняць удзел у адкрыцьці выставы, прысьвечанай Сьвятой Гары Афон, якую будзе ладзіць Канстанцінопальскі Патрыярхат у 2015 годзе ў палацы Прэзідэнта Італіі ў Рыме.
 
 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"