Друк
19.04.2013
Дэлегацыя УГКЦ на Сьвятой Зямлі
 
10 красавіка 2013 году завяршылася паломніцтва на Сьвятую Зямлю дэлегацыі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якую ўзначальваў Зьверхнік УГКЦ Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў Шаўчук. Паломніцтва было арганізавана з нагоды Году веры і адбывалася з 4 па 10 красавіка, паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
 
«Наша галоўная мэта — гэта паломніцтва, — адзначыў у каментары Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук). — Мы вырашылі з нагоды Году веры і 1025-годдзя Хрышчэньня Русі-Ўкраіны зьдзейсьніць малітоўнае падарожжа да месца, з якога распаўсюдзілася на ўвесь сьвет Хрыстова Евангельле». Акрамя таго, адзначыў ярарх, дэлегацыя УГКЦ хацела наведаць Ерусалімскую Царкву і сустрэцца з украінцамі, якія працуюць у Ізраілі. Гэты візіт стаў таксама адказам, візітам удзячнасьці Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царкве, у прыватнасьці Патрыярху Рыгору III (Лагаму) і Ўладыку Эліясу (Шакуру) за іх візіт ва Ўкраіну: Патрыярху — за візіт на інтранізацыю Першаярарха УГКЦ Сьвятаслава Шаўчука, Архібіскупу Эліясу — за прыезд летась на паломніцтва ў Зарваніцу.
 
З архібіскупам Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Эліясам Шакурам Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў Шаўчук сустрэўся 5 красавіка 2013 году ў Хайфе (Ізраіль). Ярархі абмеркавалі магчымасьці разьвіцьця УГКЦ на Сьвятой Зямлі. У Ізраілі сёньня вельмі шмат украінскіх і іншых грэка-католікаў, для якіх пакуль не належным чынам ажыцьцяўляецца душпастырскае служэньне.
 
У Хайфе грэка-каталіцкая супольнасьць складаецца ў значнай ступені з працоўных мігрантаў з Украіны, а таксама з Беларусі, яе душпастыр — славацкі каталіцкі сьвятар а. Расьціслаў Дворавы — бірытуаліст. Па суботах ён правіць у тым жа храме сьв. Імшы яшчэ і для каталікоў лацінскага абраду, якія разумеюць расейскую мову.
 
Як паведаміў душпастыр рознанацыянальнай грэка-каталіцкай супольнасьці ў Хайфе а. Расьціслаў Дворавы, у паўночнай Галілеі налічваецца сем тысячаў вернікаў Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы. Гэта паводле афіцыйных дадзеных. А неафіцыйна — удвая больш. Таксама значная колькасьць вернікаў ёсць і ў паўднёвым Ізраілі. Галоўным чынам гэта людзі, якія прыехалі на заробкі. Звычайна, калі імі не цікавяцца, то яны часьцяком ідуць да пратэстантаў, адзначае сьвятар. Таму важна, каб былі душпастыры, якія размаўляюць хоць бы на адной з славянскіх моваў, лічыць айцец Р. Дворавы.
 
Уладыка Эліяс, выслухаўшы ўсе прапановы што да больш эфектыўнай прысутнасьці УГКЦ у Ізраілі, падкрэсьліў, што можа аддаць гэтулькі цэркваў, колькі трэба, каб украінскія грэка-католікі мелі магчымасьць маліцца. Аднак, як адзначыў а. Расьціслаў Дворавы, на Сьвятой Зямлі больш актуальнае сёньня пытаньне не царкоўных будынкаў, а недахопу сьвятароў. Таму цяпер набажэнствы для ўкраінскіх грэка-католікаў служаць толькі двойчы на тыдзень у Хайфе і Тэль-Авіве — Яфе.
 
Як адзначае Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, варта чакаць, што ў бліжэйшы час кіраўніцтва УГКЦ будзе працаваць над тым, каб павялічыць прысутнасьць сьвятароў для грэка-каталіцкіх вернікаў на Сьвятой Зямлі.
 
Вынікам сустрэчы грэка-каталіцкіх ярархаў стала дамова, якое падпісалі Першаярарах УГКЦ Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук) і Архібіскуп Эліяс (Шакур) з Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
6 красавіка Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) з дэлегацыяй УГКЦ наведаў базыліку Дабравешчаньня ў Назарэце. Пасьля гэтага Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ўзначаліў Архірэйскую Боскую Літургію ў пячоры Дабравешчаньня. «Тут уцелавілася Слова Божае і пачалося нашае збаўленьне. Таму хрысьціянам нашага часу, каб павучыцца веры, варта прыехаць сюды, у дом Той, якая была першай, што паверыла», – адзначыў украінскі першаярарх. У гэты ж дзень Першаярарх УГКЦ наведаў гару Табор — месца Перамяненьня Хрыстова, адслужыў Вялікую вячэрню з ліцьцёй разам з Уладыкам Эліясам (Шакурам), Архібіскупам і Мітрапалітам Аккі, Найфы, Назарэту і ўсёй Галілеі Мелхіцкай Каталіцкай Царквы ў парафіі сьвятых Пятра і Паўла ў г. Шэфамар.
 
7 красавіка Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук узначаліў Боскую Літургію ў саборы сьвятога Ільлі ў Хайфе. Пасьля набажэнства дэлегацыя УГКЦ сустрэлася з украінскімі вернікамі і з духавенствам Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы. Акрамя гэтага дэлегацыя ў гэты ж дзень наведала Тэль-Авіў і Яфу, дзе сустрэлася з вернікамі УГКЦ у царкве Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, і Ерусалім, дзе адбылася сустрэча з Уладыкам Ясэфам-Юлесам Дзяреем, грэка-каталіцкім архібіскупам, Патрыяршым вікарыем Ерусаліму.
 
8 красавіка Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) правёў на Сьвятой Зямлі дзьве важныя сустрэчы — з Апостальскім нунцыем у Ізраілі Джузэпэ Лаццарота і Патрыярхам Рыма-Каталіцкай Царквы Ерусаліму Фуадам Твалем. Зьверхнік УГКЦ таксама і з імі абмеркаваў пытаньні душпастырскай апекі грэка-каталіцкіх вернікаў. У гэты ж дзень украінская грэка-каталіцкая дэлегацыя на чале з Яго Блаславенствам Сьвятаславам наведала храм Труны Гасподняй. Паломнікі ўшанавалі месца, дзе быў укрыжаваны і памёр Госпад Ісус Хрыстос, разам з айцамі-францішканамі прынялі ўдзел у малітоўнай працэсіі Крыжовай дарогі з стацыямі на ўсіх сьвятых месцах — цярпеньняў, сьмерці і ўваскрасеньня Збаўцы.
 
На завяршэньне візіту на Сьвятую Зямлю, 9 красавіка 2013 году, Зьверхнік УГКЦ узначаліў набажэнства ў храме сьвятой Кацярыны ў Бэтлееме. У сваім казаньні Першаярарх УГКЦ падзякаваў біскупам, сьвятарам і вернікам, што разам падарожнічалі па розных сьвятых месцах, і адзначыў, што слова «Бэтлеем» азначае «месца хлеба»: «Ісус Хрыстос і ёсьць той хлеб нябесны, Які сышоў з неба на зямлю, каб карміць Сабой, даць жыцьцё сваім людзям».
 
У склад дэлегацыі УГКЦ, якая пабывала на Сьвятой Зямлі, уваходзілі шэсьць чалавек: Яго Блаславенства Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук), Уладыка Ўладзімір (Війтышын), Архібіскуп і Мітрапаліт Івана-Франкоўскі, Уладыка Ёсіф (Мілян), Біскуп-памочнік Кіеўскай архіяпархіі, Уладыка Тарас (Сенькіў), Апостальскі Адміністратар Стрыйскай япархіі, Уладыка Язафат (Гавера), Экзарх Луцкі, а. Сьцяпан Балагура, судовы вікарый Івана-Франкоўскай архіяпархіі.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"