Друк
26.11.2013
Навуковая канферэнцыя пра Супрасьлеўскі манастыр
 
Міжнародная канферэнцыя “Дзеі Супрасьлеўскага манастыра ў XVI-XIX стагоддзях” адбылася ў Супрасьлі (Польшча) 16-17 лістапада 2013 году, падчас якой была адслужана таксама грэка-каталіцкая літургія.
 
Беларускія ўдзельнікі канферэнцыі ў Супрасьлі разам з бурмістрам Супрасьля гісторыкам д-рам Радаславам Дабравольскім.
Форум быў арганізаваны навуковым таварыствам “Collegium Suprasliense” і Цэнтрам культуры і рэкрэацыі ў Супрасьлі пры падтрымцы бурмістра горада д-ра Радаслава Дабравольскага. Ганаровы патранат над канферэнцыяй меў рыма-каталіцкі архібіскуп Беластоцкі Эдвард Азароўскі. На міжнароднай канферэнцыі было прадстаўлена 20 дакладаў, з якімі выступілі навукоўцы з Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы.
 
Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву на гэтай міжнароднай канферэнцыі ў Супрасьлі прадстаўлялі сьвятары Андрэй Крот з Горадні і Яўген Усошын з Менску, а таксама дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў. Айцец Яўген Усошын выступіў з дакладам ““Упразднение Супрасльской греко-униатской епархии и восстановление Виленской митрополичьей епархии” Паўла Баброўскага як прыклад заходнерускай гістарыяграфіі адносна Уніі”.
 
Беларускія ўдзельнікі канферэнцыі ў Супрасьлі разам з бурмістрам Супрасьля гісторыкам д-рам Радаславам Дабравольскім.
Сярод навукоўцаў з Беларусі ў канферэнцыі ўдзельнічала вядомая дасьледчыца гісторыі Ўніяцкай Царквы прафесар Сьвятлана Марозава з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, якая выступіла з дакладам “Роля Супрасьлеўскага базыльянскага манастыра ў гісторыі інтэлектуальнай культуры ХVIII ст.: гістарыяграфічнае асэнсаваньне”.
 
Даклады навукоўцаў, прадстаўленыя на міжнароднай канферэнцыі “Дзеі Супрасьлеўскага манастыра ў XVI-XIX стагоддзях”, былі прысьвечаныя базыльянскім падручнікам па маральнай тэалогіі XVIII ст., разьвіцьцю манаства ў Супрасьлі і пачаткам уніяцкага манаства ў Кіеўскай мітраполіі, стасункам архімандрыі ў Супрасьлі з ярархамі Царквы, ролі Супрасьлеўскага манастыра ў культуры і для роду Хадкевічаў, паваеннаму лёсу комплекса манастырскіх забудоваў, археалагічным дасьледаваньням асобных храмаў, лёсу супрасьлеўскай бібліятэкі і супрасьлеўскім выданьням у зборах Асалінскіх, іканаграфічным творам з храмаў манастыра, матэрыялам пра Супрасьль, якія захоўваюцца сёньня ў архівах Горадні і Беластока і інш.
 
Супрасьлеўскі манастыр сёньня.
У нядзелю, 17 лістапада, удзельнікі міжнароднай канферэнцыі разам з парафіянамі супрасьлеўскай рыма-каталіцкай парафіі Сьвятой Тройцы маліліся на Боскай літургіі ў візантыйскім абрадзе, якую адслужылі грэка-каталіцкія сьвятары з Беларусі. Гэта было бадай што другое грэка-каталіцкае набажэнства ў Супрасьлі ў найноўшыя часы (першую сьв. Літургію ў 2007 годзе адслужыў душпастыр гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі а. Андрэй Крот). Падчас Боскай літургіі вернікі і сьвятары маліліся за супакой фундатараў Супрасьлеўскага манастыра, якія паходзілі з вядомага беларускага роду Хадкевічаў, а таксама за супакой усіх спачылых манахаў, якія жылі і маліліся ў гэтым славутым асяродку духоўнасьці і культуры. Варта таксама адзначыць, што на гэтым набажэнстве прысутнічаў нашчадак роду Хадкевічаў, консул Рэспублікі Польшча ў Горадні сп. Анджэй Хадкевіч.
 
Старажытны Супрасьль нездарма стаў месцам правядзеньня падобнай сустрэчы. Славу і вядомасьць мястэчку прынёс манастыр, заснаваны на пачатку XVI ст., дзякуючы фундацыі Наваградзкага ваяводы Аляксандра Хадкевіча і пры пазьнейшай падтрымцы біскупа Смаленскага Язэпа Солтана. Дабравешчанскі манастыр у Супрасьлі некалькі стагоддзяў быў адным з цэнтраў старабеларускага пісьменства, важным асяродкам усходняга хрысьціянства.
 
Але сапраўдны росквіт мястэчка наступіў пасьля таго, як манахі Супрасьлеўскага манастыра прынялі Унію (1609 г.) і разбудавалі манатырскі комплекс.
Супрасьлеўскі манастыр сёньня.
Для Ўніяцкай Царквы ў XVII-XVIII стст. Супрасьлеўскі базыльянскі манастыр стаў адным з найбольш значных інтэлектуальных цэнтраў. Пры манастыры ўтварылася багатая бібліятэка з унікальным кнігазборам друкаваных кніг і каштоўных рукапісаў. З базыльянскай друкарні, якая была заснаваная пры манастыры ў 1695 годзе, выйшла ў сьвет каля 500 назоваў кніг рэлігійнага і сьвецкага зьместу, сярод якіх каля 100 кірылічных выданьняў, у тым ліку “Собрание припадков краткое” – першы падручнік тэалогіі на старабеларускай мове, першы славяна-польскі друкаваны “Лексікон”, першы кірылічны помнік нотадрукаваньня ў зборніку “Пасьледаваньне пострыгу”.

Калі пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе частка Беласточчыны з Супрасьлем адышлі да Прусіі, архімандрыя ў Супрасьлі стала цэнтрам асобнай грэка-каталіцкай япархіі, якая праіснавала, аднак, толькі да 1809 году. Заняпад славутага манастырскага асяродку пачаўся пасьля таго, як манахі падтрымалі паўстаньні 1794 і 1830-31 гадоў. У апошнюю вайну і пасьля яе манастыр моцна пацярпеў, храмы былі зруйнаваныя. З 1980-х гадоў манастыр у Супрасьлі паступова адраджаецца і адбудоўваецца, належыць ён Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве.

Фота: Suprasl.pl; ks. Andrzej Chutkowski, Suprasl.parafia.info.pl.

 
© 2019 Газета "ЦАРКВА"