Друк
20.04.2010
Адыйшоў да Госпада айцец Кастусь Маскалік
 
20 красавіка ў дамовай царкве Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане адбылося разьвітаньне з старэйшым беларускім грэка-каталіцкім сьвятаром айцом Кастусём Маскалікам, які на 92 годзе жыцьця 12 красавіка 2010 году адыйшоў да Госпада. Шмат гадоў ён адпрацаваў у беларускай секцыі Радыё Ватыкан, выконваў сьвятарскае служэньне ў Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. Сёлета, 10 красавіка, споўнілася 55 гадоў яго сьвятарства.
 
Айцец Кастусь Маскалік (28.05.1918—12.04.2010).
Кастусь Маскалік нарадзіўся ў сялянскай сям’і Тодара і Ганны (з роду Шыманскіх) 28 траўня 1918 году ў заходнебеларускім мястэчку Гародзеі, сёньня называным Гарадзея, што недалёка ад Нясьвіжу. Ён рана застаўся сіратою: маці памерла, калі яму было ўсяго 8 месяцаў, а ў васьмігадовым узросьце памёр і яго бацька. Апеку і выхаваньне над сіратою ўзялі сваякі.
 
Кастусь Маскалік скончыў мясцовую сямігодку, потым цягам двух гадоў жыў у Жыровіцкім праваслаўным манастыры. Яшчэ перад вайной гэты вельмі пабожны юнак зацікавіўся грэка-каталіцтвам і некаторы час быў у грэка-каталіцкім манастыры айцоў студытаў у Уніве каля Львова. У траўні 1941 году з роднага Гародзея быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і вывезены ў Расею, але як "ненадзейны" ў хуткім часе апынуўся ў працоўным батальёне.
 
Як польскі грамадзянін здолеў патрапіць у Армію Андэрса, разам з якой праз Іран, Ірак, Палестыну і Ягіпет зрабіў сваеасаблівую пілігрымку ў Сьвятую Зямлю. Урэшце ў 1944 годзе апынуўся ў Італіі. Ён ганарыўся, што праз усю вайну не забіў аніводнага чалавека і не зрабіў аніводнага стрэлу (працаваў пры кухні).
 
У 1947 годзе Кастусь Маскалік паступіў у калегію Русікум у Рыме, дзе праходзіў сваю сьвятарскую фармацыю і навучаньне. 10 красавіка 1955 году ўкраінскі грэка-каталіцкі архібіскуп Іван Бучко ўдзяліў яму сьвятарскія сьвячаньні. Праз паўгады а. Кастусь Маскалік прыехаў у Лондан, дзе служыў у Беларускай каталіцкай місіі.
 
У 1958 годзе а. Кастусь Маскалік выехаў у Парыж на пасаду кіраўніка Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, аднак у 1962 годзе быў пераведзены ў Рым як памочнік а. Пятра Татарыновіча ў працы на Ватыканскім радыё.
 
У 1985 годзе айцец Кастусь Маскалік вярнуўся ў Лондан на працу ў Місіі.
 
Адпяваньне памерлага сьвятара і грамадзкае разьвітаньне з ім адбылося 20 красавіка 2010 году ў дамовай капліцы Беларускай каталіцкай місіі. Паніхіду ўзначаліў малады беларускі грэка-каталіцкі сьвятар а. Сяргей Стасевіч, які сказаў таксама казаньне пра яго. Ён адзначыў, што айцец Кастусь Маскалік быў шчыры і пабожны сьвятар, які меў сапраўднае сьвятарскае пакліканьне і найперш служыў бліжнім сваёй заступніцкай малітвай.
 
Айцец Канстанцін Маскалік быў пахаваны на могілках сьв. Панкрата ў Лондане, побач з магіламі біскупа Часлава Сіповіча, а. Язэпа Германовіча і іншых беларускіх каталіцкіх сьвятароў. Чын пахаваньня на могілках зьдзейсьніў Апостальскі Візітатар беларусаў-католікаў у замежжы айцец Аляксандар Надсан, які ведаў памерлага яшчэ з перадваеннага часу. Ля магілы а. Кастуся ён таксама сказаў кароткае слова пра свайго земляка. У жалобнай падзеі прыняла ўдзел пераабраная днём раней Прэзідэнт Рады БНР Івонка Сурвіла.
 
Фота з архіву Беларускай бібліятэкі-музея Ф. Скарыны ў Лондане.
 
© 2021 Газета "ЦАРКВА"